BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Па мясцінах Льва Сапегі

У дзень нараджэння выдатнага дзеяча нашай гісторыі Льва Сапегі (а з’явіўся ён на свет 4 красавіка 1557 года ў мясцовасці Астроўна, Бешанковіцкі раён), прыгадаем жыццёвыя шляхі гэтай асобы і мясціны, звязаныя з ім.

Нарадзіўся ў магнацкай сям’і, якая мела ўплывовыя сваяцкія сувязі, валодала багатымі маёнткамі, што давала магчымасць зрабіць бліскучую кар’еру. Род Сапегаў быў праваслаўным, але Льва Сапегу ў 7-гадовым узросце аддалі вучыцца ў Нясьвіжскую пратэстанцкую школу, дзе выкладалі запрошаныя ўладальнікам горада Мікалаем Радзівілам Чорным вядомыя тагачасныя дзеячы навукі і культуры. Леў Сапега авалодаў польскай, нямецкай, лацінскай, грэчаскай мовамі і быў падрыхтаваны да засваення тагачаснага ўніверсітэцкага курса.

Нясьвіж у наш час, фота equatorial.by

У 13-гадовым веку ён паехаў у Ляпцыгскі ўніверсітэт, дзе некалькі гадоў вывучаў гісторыю рымскага і царкоўнага права, знаёміўся з мастацтвам Рэнесансу. Пасля вяртання ў ВКЛ Льва Сапегу па хадайніцтве Мікалая Радзівіла Рудога прынялі на службу да двара Стэфана Баторага, які быў уражаны эрудыцыяй і ведамі юнака.

Універсітэт у Ляйпцыгу, цяперашні выгляд

У 1580 годзе, у веку 23 гадоў, Леў Сапега атрымаў пасаду сакратара гаспадарскага, а ў 1581 годзе – пісара гаспадарскага ў Канцылярыі ВКЛ. У гэтым жа годзе ён выступіў асноўным арганізатарам стварэння Трыбунала ВКЛ – вышэйшага апеляцыйнага суда краіны. Са згоды Жыгімонта Вазы, пераемніка Стэфана Баторага, Леў Сапега ўзначаліў працу над трэцяй рэдакцыяй Статута ВКЛ, выдатнага помніка юрыдычнай думкі, які быў надрукаваны ў 1588 годзе ўласным коштам Сапегі з напісанымі да яго дзвюмя прадмовамі: адна – зварот да Жыгімонта Вазы, другая – зварот да грамадзян ВКЛ.

Помнік Льву Сапегу ў Лепелі, адкрыты 11 верасня 2010 года

Аўтарытэт Льва Сапегі ў ВКЛ быў вялікі, таму, нягледзячы на разыходжанні поглядаў на палітыку, Жыгімонт Ваза ў 1589 годзе прызначыў яго канцлерам ВКЛ, гэтую пасаду Леў Сапега займаў цягам 34 гадоў. У 1621 годзе стаў таксама і ваяводам віленскім, а з 1625 года адначасна і вялікім гетманам літоўскім.

Мястэчка Воўпа, у 1624 г. Леў Сапега набыў Ваўпянскае староства для свайго малодшага сына Казіміра.

Да бацькоўскай і мацярынскай спадчыны Леў Сапега далучыў Ласосін, Ружану і Зэльву на Слонімшчыне, Асвею і Бешанковічы на Полаччыне, Бялынічы, Цяцерын і Круглае ў Аршанскім павеце, частку ўладанняў князёў Лукомскіх, Здзяцель (Дзятлава) на Наваградчыне, Чарнобыль на Кіеўшчыне і шмат больш дробных уладанняў. У яго ўладанні знаходзіліся і вялізныя дзяржаўныя маёнткі (староствы): Слонім, Сьвіслач, Каменка (Шчучынскі раён), Магілёў, Куранец, Маркава, Мядзел і іншыя. Багацці Льва Сапегі дазвалялі яму нават фінансаваць вайну са Швецыяй за Інфлянты.

Успенскі сабор у Жыровічах. Леў Сапега спрыяў развіццю манастыра ў Жыровічах, некаторы час быў уладальнікам мястэчка. 

Каменка, адно з уладанняў Льва Сапегі

Леў Сапега падтрымліваў ідэю царкоўнай уніі ВКЛ, бо лічыў, што рэлігійнае адзінства спрыяла б умацаванню дзяржавы і пазбавіла б яе ад многіх унутраных канфліктаў. Разам з тым Леў Сапега быў катэгарычным супраціўнікам гвалту як сродку ўмацавання веры. Сам перайшоў з праваслаўя ў кальвінізм, а ў 1588 года прыняў каталіцтва, быў адным з прыхільнікаў караля Жыгімонта Вазы, пры якім асабліва ўзмацнілася Контррэфармацыя. На яго час прыпаў перыяд цяжкіх ваенных канфліктаў на паўночна-заходніх, усходніх і паўднёвых рубяжах Рэчы Паспалітай. Ён неаднаразова ўдзельнічаў у баявых дзеяннях (у тым ліку Лівонскай вайне), ахвяраваў сваю маёмасць на ўтрыманне арміі ВКЛ.

Помнік Льву Сапегу ў Слоніме, адкрыты 1 верасня 2019 года

Праславіўся Леў Сапега і як мецэнат. На свае сродкі ён будаваў касцёлы (у тым ліку Віленскі касцёл Святога Міхаіла, дзе пасля быў пахаваны), уніяцкія і праваслаўныя цэрквы, адкрываў школы, шпіталі, прытулкі. У сваіх маёнтках ён сабраў каля 3 тысяч кніг. Апекаваў над мастакамі і літаратарамі. Паклаў пачатак ружанскаму архіву, а на схіле гадоў займаўся упарадкаваннем Метрыкі ВКЛ.

Віленскі касцёл Святога Міхаіла, фота Белсату

Падрыхтаваў Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя