Па Гарадоччыне на Падляшшы прайшоў – Марш Каліноўскага. Грамадская акцыя праводзілася другі год запар і як і летась была прымеркаваная да дня народзінаў аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863 – 1864 гадоў – Кастуся Каліноўскага.

Марш у гонар Кастуся Каліноўскага прайшоў па яго малой Радзіме – вуліцамі Гарадка і вёскі Мастаўляны, дзе ён нарадзіўся ў 1838 годзе.
Гаворыць прадстаўнік арганізацыі «РУХ», якая арганізавала Марш – Ян Ліс і іншыя яго ўдзельнікі:
– Мы займаемся адраджэннем і часткова фармаваннем нацыянальнай памяці, культурніцкай дзейнасцю і адукацыйнай. То бок гэта частка пашырэння беларускага нацыянальнага наратыву сярод людзей, якія зараз апынуліся ў эміграцыі.
– Мне вельмі спадабалася, бо відаць, што людзі гэта робяць са сваёй ініцыятывы, без ніякай указкі зверху. То бок гэта ўсё ідзе ад душы і прыватных памкненняў далучыцца да такой свядомай беларускай супольнасці.
– Мы ўсё нашае жыццё стаім поплеч перад тым самым ворагам. Гэта ўжо нейкая традыцыя. І трэба гэтую традыцыю завершыць, трэба гэтага ворага раз і назаўжды знішчыць.
– Кожным маленькім учынкам чалавек, які служыць вялікай ідэі, стварае сваю біяграфію і пакідае вялікі след у гісторыі свайго народа. Каліноўскі маленькімі ўчынкамі пачаў свой шлях з улёткі. І ён дайшоў да вышэйшага ўзроўню свайго палітычнага аблічча – як нацыянальны герой, як чалавек, які запачаткаваў беларускую палітычную нацыю.
Кіраўнік паўстання 1863 – 1864 гадоў у Літве Кастусь Каліноўскі нарадзіўся ў Мастаўлянах на Беласточчыне 2 лютага 1838 года. З гэтай нагоды, а таксама з мэтай ушанавання памяці ўсіх паўстанцаў і быў арганізаваны ўжо другі раз – Марш Каліноўскага.
Цалкам матэрыял:


















Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






