Літва да гэтага часу не аднавіла афармленне грузавых аўтамабіляў у пунктах пропуску, сумежных з беларускімі «Каменны Лог» і «Беняконі». Пра гэта паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі.

Раней на сайце літоўскай мытні заяўлялася, што мытныя інфармацыйныя сістэмы павінны былі запрацаваць напярэдадні да 20:00. Аднак, паводле звестак беларускага боку, у пункце пропуску «Беняконі» з 15:00 папярэдняга дня літоўскія кантралюючыя службы не прынялі ніводнага грузавіка. У электроннай чарзе на выезд зарэгістравана 45 транспартных сродкаў.
У пункце пропуску «Каменны Лог» транспарт прымаюць часткова, афармленне ажыццяўляецца ў ручным рэжыме. За апошнія 12 гадзін мяжу ў абодвух напрамках перасеклі 40 фур, пераважна парожніх. Выезду з Беларусі чакаюць каля 140 грузавых аўтамабіляў.
Афармленне легкавога транспарту і аўтобусаў у гэтых пунктах пропуску працягваецца ў штатным рэжыме.






