У сувязі з неспрыяльным надвор’ем на заўтра 20 ліпеня па ўсёй Беларусі абвешчаны аранжавы ровень небяспекі, вынікае з паведамлення Белгідрамета.
Апублікаваная сіноптыкамі карта сведчыць, што навальніцы і дажджы чакаюцца ва ўсіх рэгіёнах краіны, залевы — у Берасцейскай, Віцебскай, Менскай абласцях, туман — у Гомельскай і Менскай. На падрыхтаванай Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях карце, заснаванай на тых жа звестках, навальніца таксама прагназуецца ў сталіцы.
Жыхарам краіны рэкамендавана падчас навальніцы трымацца падалей ад антэн ды электраправодкі; не спускацца ў падземныя пераходы і “іншыя заглыбленыя памяшканні”; але старацца хавацца ў будынках, размешчаных вышэй за магчымы ровень падтаплення; пакідаць аўтамабілі ў гаражах або паркаваць удалечыні ад дрэў ды слаба ўмацаваных канструкцый.






