У Рэспубліканскім ландшафтным заказніку “Азёры” ў Гарадзенскай вобласці адкрылася абноўленая экасцежка “Запаведны шлях”, паведамляе undp.org.
Гэта адзіны ў Беларусі вузкакалейны чыгуначны турыстычны маршрут, які праходзіць праз асабліва ахоўную прыродную тэрыторыю. Яго працягласць – 10 кіламетраў, а час праходжання складае ад 2,5 да 3 гадзін.
Адной з яркіх адметнасцяў экасцежкі з’яўляецца мост, па якім турысты праязджаюць у пачатку шляху. Ён займае другое месца па працягласці ў краіне і з’яўляецца адзінай канструкцыяй, перакінутай праз возера.
Далей вузкакалейная дарога праходзіць праз лясныя балоты, дубровы і лугі, якія захавалі сваю першародную прыгажосць. Тут жывуць унікальныя віды птушак і жывёл, якія могуць быць заўважаны толькі ў такіх некранутых кутках.
Маршрут быў мадэрнізаваны ў рамках праекта “Развіццё экалагічнага турызму для садзейнічання зялёнаму пераходу да інклюзіўнага і ўстойлівага росту”.
Запісвацца на экскурсію трэба загадзя праз паведамленні ў Інстаграм або вайбер.