Можа падавацца, што архітэктурная спадчына Менску абмяжоўваецца пераважна Траецкім прадмесцем і забудовай Верхняга горада. Але насамрэч гэта не так, ды ў сталіцы нават захаваліся цікавыя сядзібы і палацы. Пра тое, на якіх сталічных вуліцах іх шукаць, распавядзем у гэтым матэрыяле.
Сядзіба Ваньковічаў (вуліца Філімонава, 24)

Гэты помнік архітэктуры класіцызму ёсць напамінам пра славуты беларускі род, гісторыя якога шчыльна звязана з Менскам. Спачатку гэтыя землі належалі князям Радзівілам, але ўжо ў XVIII стагоддзі перайшлі да шляхецкага роду Ваньковічаў. Аляксандр Ваньковіч падзяліў свае ўладанні паміж сынамі, што прывяло да ўзнікнення Вялікай і Малой Сляпянак. Менавіта ў Вялікай Сляпянцы знаходзіцца знакаміты сядзібны дом, які заклалі тут у першай палове XIX стагоддзя. У яго ўваходзілі мураваны двухпавярховы сядзібны дом, драўляныя флігелі і парк. Сядзіба непарушна звязана з імем Валянціна Ваньковіча, аднаго з найбольш вядомых беларускіх мастакоў. Менавіта тут ён правёў частку свайго жыцця, ствараў свае творы і прымаў гасцей, сярод якіх быў і яго сябар Адам Міцкевіч. Менавіта Ваньковічу належыць знакаміты партрэт “Міцкевіч на скале Аю-Даг”.
У савецкі час сядзіба выкарыстаная ў розных мэтах: ад школы НКВД да парніковага камбіната і жылых кватэр. У 2009 годзе будынак перайшоў у прыватную ўласнасць. Цяпер на месцы сядзібы рэстарацыя з закрытай тэрыторыяй.
Дом Ваньковічаў (вуліца Інтэрнацыянальная, 33А)

Гэта яшчэ адна сядзіба рода Ваньковічаў, больш вядомая як “Дом Ваньковічаў”. Упершыню сядзіба згадваецца ў дакументах канца XVIII – пачатку XIX стагоддзяў як уласнасць князёў Друцкіх-Любецкіх. Менавіта на гэты перыяд прыпадае асноўнае развіццё комплексу. У 1811 годзе князь Ануфрый Друцкі-Любецкі прадаў дом менскаму гісторыку і пісьменніку Яну Ходзьку.
У 1840-х гадах сядзіба перайшла ва ўласнасць роду Ваньковічаў, якія зрабілі яе цэнтрам культурнага жыцця Менску. Тут бывалі Станіслаў Манюшка, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Чэслаў Манюшка. Уладальнікам дома стаў Эдвард Ваньковіч, стрыечны брат мастака Валенція Ваньковіча.
Пасля смерці Эдварда Ваньковіча сядзіба перайшла да яго нашчадкаў, якія валодалі ёй да 1920-х гадоў. Пачынаючы з 1980-х гадоў, праводзіліся археалагічныя даследаванні і рэстаўрацыйныя работы. У 2000 годзе, да 200-годдзя з дня нараджэння Валенція Ваньковіча, у доме адкрыўся музей. Яго экспазіцыя прысвечана жыццю і творчасці мастака, а таксама культуры і мастацтву першай паловы XIX стагоддзя.
Сядзіба Прушынскіх (праезд Чыжэўскіх, 10)

У XVI стагоддзі Лошыца належала князям Заслаўскім, нашчадкам Гедыміна. Пазней маёнтак пераходзіў да розных уладальнікаў, сярод якіх былі князі Друцкія і род Прушынскіх. У другой палове XVIII стагоддзя Станіслаў Прушынскі, генерал-ад’ютант караля і кавалер польскіх ордэнаў, ператварыў сядзібу ў значную рэзідэнцыю. Менавіта ў гэты час быў закладзены Лошыцкі парк, дзе любілі гуляць кампазітар Станіслаў Манюшка і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. У 1884 годзе маёнтак перайшоў да Яўстафія Любанскага, прадстаўніка жаночай лініі роду Прушынскіх. Ён быў адукаваным чалавекам з шырокім колам інтарэсаў і прыклаў шмат намаганняў для развіцця сядзібы.
Падчас Другой сусветнай вайны ў сядзібе размяшчалася рэзідэнцыя менскага абласнога камісара Вільгельма Фрайтага. Тут бывалі генеральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ. Сёння тут можна ўбачыць адноўлены сядзібны дом, флігель з вежай, рэшткі капліцы-пахавальні Прушынскіх 1788 года, бровар 1896 года, а таксама два млыны.
Палац Пшаздзецкіх (плошча Свабоды, 15)

Палац быў пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя ў стылі класіцызму. Першая згадка пра гэты будынак датуецца 1775 годам, калі ён належаў графам Пшаздзецкім, уладальнікам Заслаўя. У 1799 годзе сядзіба перайшла ва ўласнасць менскага шляхціца Андрэя Станкевіча, уладальніка сеткі аптэк. Пазней, у 1826 годзе, яе купіў Юрый Кабылінскі — сакратар Менскага дваранскага дэпутацкага сходу, мецэнат і калекцыянер. Кабылінскі стварыў першую ў горадзе кунсткамеру, дзе экспанаваліся манеты, мінералы, антычныя артэфакты, старыя рукапісы, у тым ліку арыгінал Статута ВКЛ і карта Хрыстафора Калумба.
Наступным уладальнікам сядзібы стаў гарадскі галава Леапольд Дэльпацэ. Пры ім першы паверх будынка выкарыстоўваўся як адміністрацыйныя памяшканні Менскага дваранскага дэпутацкага сходу. У 1872 годзе ў сядзібе размясцілася Менскае мужчынскае духоўнае вучылішча, уключаючы класы, жылыя пакоі і хатнюю царкву. Пасля Другой сусветнай вайны ён выкарыстоўваўся як ваенкамат. У 2012 годзе ў будынку адбылося ўрачыстае адкрыццё Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага.
Што сама цікавае, гэта не адзіныя палацы і сядзібы ў самым Менску і ў ваколіцах. Насамрэч Менск хавае шмат цікавых, загадкавых, прыгожых і невідавочных гістарычных скарбаў, пра якія не ведаюць нават мясцовыя жыхары.
К.С, Беларускае Радыё Рацыя