Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прыняла законапраект «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Султаната Аман аб узаемнай адмене віз».

Згодна з пагадненнем, грамадзяне Беларусі і Амана — уладальнікі звычайных пашпартоў, сапраўдных не менш як шэсць месяцаў з даты ўезду, — змогуць знаходзіцца на тэрыторыі абедзвюх краін без візы да 30 дзён з моманту ўезду. Агульная працягласць знаходжання не павінна перавышаць 90 дзён на працягу каляндарнага года.
Пагадненне было падпісана ў кастрычніку мінулага года падчас афіцыйнага візіту ў Менск султана Амана Хайсама бен Тарэка Аль Саіда. Для завяршэння працэдуры ратыфікацыі з беларускага боку законапраект яшчэ мусіць быць ухвалены Саветам Рэспублікі і падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам.






