BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Перадсвяточнымі вуліцамі Вільні

Да свята Нараджэння Езуса Хрыста засталося зусім няшмат. Яго будуць адзначаць ужо праз дзень, 25 снежня. Сталіца Літвы Вільня яшчэ з канца лістапада ўпрыгожылася да свята. Мы прайшліся асноўнымі турыстыстычнымі вуліцамі Сцеклю, Вокечу, Пілес ды іншымі, каб убачыць, як яны ўпрыгожаныя сёлета.

Вуліца Сціклю, як заўжды, погляды жыхароў і турыстаў прыцягвае сваім асаблівым дызайнам, а дэкор кавярні ”Жаночае шчасце” нікога не пакідае абыякавым у розныя пары года. Не пройдзеш спакойна мімаходзь яго і гэтай зімой. Шматлікія турысты спыняюцца непадалёк ад уваходу ў кавярню, каб сфатаграфавацца на фоне гэтай прыгажосці.

Каля вежы Гедыміна ля Кафедральнай плошчы з’явіліся нават ужо Тры каралі, як сімвал тых вядомы асобаў, у гонар якіх адзначаецца свята ў Вільні 6 студзеня.

А паглядзець на дэкор самых турыстычных вуліц Вільні можна і праз вокны святочнага цягніка, які курсуе менавіта па гэтых вуліцах Швянтарагё – Пілес – Дыджоё (Ратушная плошча) – Вокечу – Дамінікану – Універсітэту. Цягнік будзе курсаваць па горадзе да 6 студзеня.

Прыпынак цягніка знаходзіцца на вул. Швянтараге, 2 (побач з будынкам МУС). Цягнік курсіруе кожныя 20-30 хвілін. З панядзелка па чацвер ён курсіруе з 12 да 20 гадзін., а ў пятніцу і суботу – з 11 да 22 гадзін. Перапынак – з 17 да 17.30 гадзін. Працягласць паездкі 20 хвілін. Дзеці ніжэй за 90 сантыметраў могуць ехаць бясплатна. Для іншых кошт квітка – 6 еўра. Квіткі можна набыць праз інтэрнэт або на прыпынку.

І, канешне, на гэтых вуліцах можна не толькі шпацыраваць і ездзіць на святочным цягніку, але і наведваць утульныя кавярні і рэстараны са святочнымі стравамі і напоямі. Падчас калядных святаў можна нават адчуць і пах гэтых вуліц, на якіх распаўсюджваецца прыемны водар глінтвейна ды кавы з цынамонам.

Беларускае Радыё Рацыя