BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Польшча часова закрывала аэрапорты ў Любліне і Жэшуве з-за расейскіх удараў па Украіне

Аэрапорты ў Жэшуве і Любліне часова прыпынялі выкананне грамадзянскіх авіярэйсаў у сувязі з неабходнасцю забяспечыць свабоду дзеянняў ваеннай авіяцыі. Пра гэта паведаміла Аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы.

Фота: lubelskie.travel

Рашэнне было прынята на фоне актывізацыі расейскай далёкай авіяцыі, якая наносіла ўдары па тэрыторыі Украіны. У сувязі з гэтым у паветранай прасторы Польшчы пачалося дзяжурства ваеннай авіяцыі.

У адпаведнасці з дзеючымі працэдурамі Аператыўнае камандаванне задзейнічала неабходныя сілы і сродкі: у паветра былі паднятыя знішчальнікі, а наземныя сістэмы супрацьпаветранай абароны і радыёлакацыйнай выведкі прыведзеныя ў стан павышанай гатоўнасці.

У камандаванні падкрэслілі, што прынятыя меры маюць прэвентыўны характар і накіраваныя на забеспячэнне бяспекі і абарону паветранай прасторы, у першую чаргу ў рэгіёнах, якія мяжуюць з патэнцыйна небяспечнымі зонамі.

«Аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы адсочвае бягучую сітуацыю, а падначаленыя сілы і сродкі знаходзяцца ў стане гатоўнасці да неадкладнага рэагавання», — адзначаецца ў паведамленні.

Пасля завяршэння ваенных мерапрыемстваў аэрапорты ў Жэшуве і Любліне аднавілі авіязносіны. Пра гэта праінфармавала Польскае агенцтва паветранага руху.