Польшча плануе з 17 лістапада 2025 года аднавіць рух на двух дарожных памежных пераходах з Беларуссю — Баброўнікі — Бераставіца і Кузніца — Брузгі. Адпаведны праект распараджэння апублікавала Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы.

Паводле дакумента:
- Кузніца — Брузгі будзе адкрыты для пасажырскага транспарту, але без аўтобусаў.
- Бераставіца — Баброўнікі — для пасажырскага і грузавога транспарту, уключаючы аўтобусы.
- Грузавы рух праз Баброўнікі дазволяць толькі транспартным сродкам, зарэгістраваным у краінах ЕЗ, ЕЗС, ЕЭП і Швайцарыі.
У тлумачэнні да праекта адзначана, што мэта рашэння — «аднаўленне перамяшчэння людзей і тавараў» у адказ на запыты грамадства, бізнесу і работнікаў, якія рэгулярна перасякаюць мяжу.
Пра намер аднавіць працу двух пераходаў у Баброўніках і Кузніцы прэм’ер Польшчы Дональд Туск заяўляў яшчэ ў кастрычніку. Ён падкрэсліваў, што адкрыццё адбудзецца ў тэставым рэжыме і пасля кансультацый з Літвой.
Пераход Кузніца — Брузгі не працуе з лістапада 2021 года — пасля масавай атакі мігрантаў. Баброўнікі — Бераставіца закрылі ў лютым 2023 года пасля прысуду журналісту Анджэю Пачобуту.
Цяпер дзеюць толькі два пераходы паміж Беларуссю і Польшчай: Брэст — Тарэспаль (пасажырскі і аўтобусны рух) і Казловічы — Кукурыкі (грузавы рух).





