Прэм’ер Дональд Туск абвясціў пра аднаўленне памежнага кантролю з 7 ліпеня, спасылаючыся на асцярогі адносна некантраляванага патоку мігрантаў. Аднак рашэнне павінна звесці да мінімуму нязручнасці для грамадзян, паведамляе Польскае радыё.

Аднаўленне кантролю на мяжы з Германіяй павінна прадухіліць некантралюемы паток нелегальных мігрантаў — так прэм’ер Польшчы Дональд Туск патлумачыў увядзенне кантролю на польска-нямецкай мяжы. Прэм’ер падкрэсліў, што рашэнне носіць часовы характар.
Праверкі пачнуцца ў панядзелак, 7 ліпеня.
Кіраўнік польскага ўрада сказаў, што адсутнасць кантролю стварае цяжкасці з вызначэннем таго, ці сапраўды людзей, якіх у Польшчу адпраўляюць нямецкія памежнікі, трэба прымаць.
Аналагічныя правілы — як і на мяжы з Германіяй — будуць дзейнічаць з 7 ліпеня і на польска-літоўскай мяжы.