BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра бязвіз

У Беларусі жыхарам ажно 35 краін дазволілі ўязджаць без віз праз аўтадарожныя і чыгуначныя пункты пропуску. І заўважце, еўрапейскіх краін. Так і ўяўляецца, як тысячы еўрапейскіх турыстаў едуць у Беларусь, каб паглядзець на апошнюю дыктатуру ў Еўропе.

Бязвіз для 35 еўрапейскіх краін зроблены, увага, “для дэманстрацыі адкрытасці і міралюбнасці, адданасці прынцыпам добрасуседства, а таксама для спрашчэння міжчалавечых кантактаў і паляпшэння свабоды перасоўвання”. У гэтым момант у чыноўнікаў насы мусяць вырасці, як у Пінокіа, на некалькі метраў. Бо пасля 2022 года ні пра якую міралюбнасць ці паляпшэнне свабоды перасоўвання гаворкі весціся не можа. А створаны ўладамі Беларусі на польска-беларускай мяжы міграцыйны крызіс паказвае, што аніякіх прынцыпаў добрасуседства няма. Дарэчы, бязвіз зрабілі, а платныя дарогі не адмянілі. Так што карыстальнікам бязвізу праз аўтадарожныя пункты пропуску давядзецца некалькі разоў падумаць перад тым, як вырашыць вандраваць па Беларусі. Бо вандроўка можа ўляцець у капейчыну, паколькі прынцып аплаты за дарогі ў Беларусі — досыць складаны і не танны.

Між іншым, самім беларусам гэты бязвіз нічога не прынясе. Улічваючы паводзіны ўладаў Беларусі, беларусам будзе ўсё цяжэй атрымліваць еўрапейскія візы. Затое самі ўлады змогуць у чарговы раз адсправаздачыцца, якія яны белыя і пухнатыя.

Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя