Ну, усё цяпер ніводны вораг не пройдзе, ніводнае НАТА не зможа ездзіць па Сінявокай. У Беларусі пайшлі, можна сказаць, на беспрэцэдэнтны крок: узялі і ўсе англамоўныя словы на чыгуначным вакзале ў Менску заклеілі.

Вось так прыедуць розныя шпіёны ў Менск, а куды далей ехаць, на які цягнік ці аўтобус сядаць — не ведаюць, бо ўсе англамоўныя надпісы заклееныя. І ўсё, канец, варожаму падарожжу па Сінявокай. Проста геніяльная хада. Ніводны натаўскі шпіён цяпер уладам Беларусі не страшны. Можна спаць спакойна. Натаўскія шпіёны яны такія: яны ж у Менску робяць перасадку на цягнікі, каб ехаць далей, а цяпер не змогуць.
А ўвогуле не трэба спыняцца на дасягнутым. Трэба яшчэ болей усіх заблытаць. А раптам якія шпіёны з варожага захаду вывучылі кірыліцу. Трэба пераблытаць накірункі і гадзіны адпраўлення цягнікоў. Напрыклад, калі цягнік адпраўляецца ў 15.00, на табло пісаць, што ў 15.10. Ці, напрыклад, цягнік едзе ў Бабруйск, а пісаць, што едзе ў Наваполацк. А яшчэ ўвогуле прыбраць усю інфармацыю пра цягнікі і іхняе адпраўленне. Тады дакладна ніводны шпіён не даедзе туды, куды трэба. Ну, а тое, што насельніцтва таксама не даедзе туды, куды трэба, то гэта вымушаныя нязручнасці. Дзеля бяспекі краіны і пацярпець можна.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя






