У сваёй прамове на чарговай інаўгурацыі (ледзь не напісаў “каранацыі”) Аляксандр Лукашэнка прамовіў: “Задача пятилетки – сделать туризм национальным проектом. Открыть миру наши историю, культуру и язык. Эта индустрия по значимости и экономическому потенциалу не уступает, например, машиностроению.” У недасведчанага чалавека, які слухаў гэты адрывак прамовы, можа скласціся ўражанне, што бліжэйшым часам будзе прыняты шэраг мер па актывізацыі гэтага накірунку, будуць уведзены палёгкі для вядзення турыстычнага бізнэсу…

Не варта ладзіць марныя ілюзіі. Я пакажу па эпізодах, што трэба ведаць пра стаўленне Лукашэнкі і яго бліжэйшага атачэння пра турызм у прыватнасці і бізнэс увогуле.
2006 год прыняты Указ ад 2 чэрвеня 2006 года №372 “Аб некаторых мерах па развіцці аграэкатурызму ў Рэспубліцы Беларусь”. Гэтым дакументам прадугледжваўся вельмі лёгкі заяўляльны прынцып рэгістрацыі аграсядзіб. Хочаш працаваць у гэтай сферы – толькі падай зяўку ў райвыканкам і працуй сабе. Падатак устанаўліваўся ў памеры адной базавай велічыні на год.
2010 год – Белаграпрамбанк адкрыў крэдытныя лініі для ўладальнікаў аграэказядзіб. Крэдыты выдаваліся на будаўніцтва сядзіб пад льготную фіксаваную працэнтную стаўку.
Асабліва дэкларавалася, што правілы гульні не будуць мяняцца ці якім іншым чынам пераглядацца.
Агратурыстычны бізнэс стаў развівацца вялікімі тэмпамі, у некаторых раёнах, напрыклад, у Браслаўскім, колькасць аграсядзіб пераваліла за дзве сотні. Астатнія раёны Віцебшчыны, хаця і адставалі, але не нашмат.
Перамены да горшага сталі праглядвацца праз дзесяць гадоў, найбольш ярка яны разгарнуліся пасля выбараў 2020 года.
Спачатку падатак паднялі да дзвюх базавых велічынь у год, затым – базавая кожны месяц. Увялі абавязковыя плацяжы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва ў памеры 29 % ад даходу, але не менш за 181 рубельна месяц. І не важна, прыязджаюць турысты ці не.
Апафеозам стаў Указ Лукашэнкі ад 4 кастрычніка 2022 года №351 “Аб развіцці аграэкатурызму”, у якім умовы мяняліся цалкам. Найперш абвяшчалася перарэгістрацыя ўсіх аграсядзіб. Літаральна з ланцуга зрываліся розныя кантралюючыя службы ад пажарных інспектараў да санэпідэмстанцыі і экалогіі. Пра падатковую службу і гаварыць няма чаго.
Як вынік, колькасць аграсядзіб скарацілася ўтрая, і працэс не спыняецца. Пра закрыццё сядзіб інфармацыя паступае амаль штомесяц, а пра адкрыццё новых не чуваць ніяк.
Такім чынам, вось, што трэба ведаць пра магчымасць занятку турыстычным бізнэсам у сучаснай Рэспубліцы Беларусь: спачатку цябе будуць прывабліваць, прыманьваць, а потым пастараюцца садраць апошнюю скуру.
Рыгор Скамарох
Фота з адкрытых крыніц