BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Прыгадаем Уладзіміра Хлябцэвіча

У беларускага гісторыка, педагога і праваслаўнага святара Івана Хлябцэвіча (1857-1919) з Кленікаў Бельскага павета (Беласточчына) выхоўвалася шасцёра дзяцей. Але найбольш здольнымі раслі два сыны – Яўген і Уладзімір.

Побач з адукаваным бацькам і прайшло маленства самага малодшага сына Уладзіміра Хлябцэвіча (1894-1917), якому 3 верасня спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння.

Уладзімір Хлябцэвіч на вакацыях на Бельшчыне, пачатак ХХ ст.

Валодзя спачатку вучыўся дома, а пасля ў гімназіі. У 1913 годзе ён скончыў гімназію, а яго брат Яўген – Пецярбургскі ўніверсітэт. І Яўген параіў брату паступаць у гэты ўніверсітэт. І Валодзя паступіў на фізіка-матэматычны факультэт. Там ва ўніверсітэце Яўген Хлябцэвіч знаёміць Валодзю з Браніславам Ігнатавічам Эпімах-Шыпілам. Першая сустрэча адбылася ў бібліятэцы, каля ўваходу ва ўніверсітэцкую бібліятэку, дзе Браніслаў Эпімах-Шыпіла выпісваў студэнтам чытацкія білеты. З лёгкай рукі Браніслава Эпімах-Шыпілы Уладзімір Хлябцэвіч напісаў этнаграфічны нарыс пра сваю вёску Кленікі. Дарэчы, гэты нарыс на рускай мове друкаваўся ў выданні “Białoruskie zeszyty historyczne” (1995, № 2(4). Ён так і называўся “Село Кленики перед беженством – во время мировой войны”. А напісаўся ён аўтарам 17 верасня 1915 года.

Гэты нарыс некалі брат Валодзі Яўген Хлябцэвіч перапісаў сваёй рукой. Дзякуючы таму ён захаваўся да нашых дзён. І зберагаецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь.

25 верасня 1915 года, пасля таго, як разам з маці і бацькам Уладзімір Хлябцэвіч падаўся з Кленікаў у бежанства, ён роднаму брату Яўгену пісаў: “Усе вёскі гарэлі пры непрысутнасці нашых людзей. Кнігі (10 скрыняў) закапаны ў вельмі надзейным месцы. Там тваё ўсё. Закапвалі я і Маліш. Твае рукапісы пра беларускіх пісьменнікаў і лісты іх тожа былі схаваныя там, у скрынях. Я ведаю дзе…” (“Часопіс Białoruskie zeszyty historyczne”, 1995, № 2(4). С. 135).

Хлябцэвічы апынуліся аж у расейскім горадзе Сызрань. У пачатку студзеня 1917 года Уладзімір прыехаў да бацькоў на калядныя вакацыі. А 15 студзеня зноў паехаў на вучобу ў Петраград (Пецярбург). Ды і вучыўся ўжо на 4 курсе.

У Расеі ў гэты час пачынаецца Лютаўская рэвалюцыя. Не стаяў убаку ад яе і Уладзімір. На Васільеўскім востраве ў Петраградзе яшчэ грымелі выстралы. Туды на разведку быў накіраваны Уладзімір Хлябцэвіч, які дзяжурыў у Таўрычаскім палацы. Але хутка іх аўтамабіль трапіў пад абстрэл. Першай была паранена сястра міласэрнасці Алена Шуп. Хлябцэвіч хацеў ёй дапамагчы. Але кулямётная чарга смяротна параніла юнака.

Цела загінуўшага адвезлі да бацькоў у Сызрань. Яго пахавалі 19 сакавіка 1917 года ў “гарадскім садзе на Сімбірскай вуліцы” (цяпер Кузнецкі мост). На паховіны прыйшлі каля 20 тысяч чалавек.

Пазней у Сызрані назавуць адну з вуліц імем Уладзіміра Хлябцэвіча, якая існуе і сёння. А на яго магіле ляжыць мемарыяльная пліта, якая даўно патрабуе аднаўлення.

Смерць малодшага сына Валодзі бацька Іван Андрэевіч Хлябцэвіч моцна перажываў. Ён пераехаў з горада ў вёску Абшараўка Самарскага павета Самарскай губерні Расіі. Стаў моцна хварэць. Але вёў вялікую перапіску з сябрамі і з землякамі-бежанцамі. Ён напісаў на рускай мове невялікую кніжачку ( 47 старонак) “Краткий биографический очерк студента В.И.Хлебцевича” і выдаў у Сызраньскай друкарні Журкіна пры фінансавай дапамозе свайго сябра Аляксея Ерамасава.

Іван Андрэевіч Хлябцэвіч пасля смерці сына Валодзі пражыў толькі два гады і памёр 25 ліпеня 1919 года ў Абшараўцы, дзе і пахаваны.

Паховіны Ўладзіміра Хлябцэвіча, 1917 г.

У Расейскім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва ў Маскве (ф.539 і ф.1563) захоўваецца шмат дакументаў, звязаных і жыццём і дзейнасцю Уладзіміра Хлябцэвіча. Гэта найперш пісьмы Уладзіміра да сваіх бацькоў, братоў і сёстраў, невядомай спадарыні Вользе, пісьмы сваякоў Уладзіміра Хлябцэвіча невядомай асобе са зваротам “Верачка” у сувязі са смерцю Уладзіміра, развітальнае пісьмо бацькі Івана Андрэевіча, пісьмо Алены Шуп (сястра міласэрнасці) Івану Андрэевічу Хлябцэвічу пра апошнія хвіліны жыцця Уладзіміра і іншыя. Ёсць у фондах і артыкулы, вершы Уладзіміра Хлябцэвіча. Захоўваюцца і тэлеграмы сваякоў і студэнтаў Петраградскага ўніверсітэта сям’і Уладзіміра Хлябцэвіча з паведамленнем пра яго смерць і са спачуваннямі. Ёсць у фондах архіва і ўспаміны Светавастокава пра Уладзіміра, артыкулы пра яго, выразкі з газет і малюнкі, бо Валодзя быў яшчэ добрым мастаком-партрэтыстам. На вялікі жаль, нікога пакуль з даследчыкаў гэтыя дакументы пра беларускага грамадска-культурнага дзеяча Уладзіміра Хлябцэвіча не зацікавілі. Ды калі і хто іх даследуе?..

Беларускае Радыё Рацыя