Такі экспанат сярод іншых можна пабачыць у адзіным у свеце музеі чарцей. Ён знаходзіцца ў Коўна і налічвае больш за 3000 выставачных экзэмпляраў. Гэта творы выяўленчага і прыкладнога мастацтва, сувеніры і маскі. У музеі прадстаўленыя экспанаты з Літвы і 70-ці іншых краін.

Там выстаўленая прыватная калекцыя вядомага літоўскага мастака Антанаса Жмуйдзінавічуса, які яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя пачаў збіраць калекцыю чарцей – драўляных, керамічных, металічных, з тканіны ды іншых. Як зазначае аўтар калекцыі, ён пачаў яе збіраць у 1906 годзе пасля таго, як яму падарылі драўляную фігурку чорта.

Разам з экспанатам пра Пуціна знаходзяцца і выявы яшчэ двух дыктатараў, якія нарабілі шмат дрэннага ў свеце. Фігуркі чарцей у выглядзе Гітлера і Сталіна размешчаныя побач. Мастак Костас Дарашкявічуш зрабіў іх з каранёў дрэваў і прадставіў гэтую экспазіцыю пад назвай “Гэта мая Літва, 1975 год”. Як заўважыў аўтар, гэтыя дзве постаці выклікаюць жах і боль у людзей з Літвы ды іншых краін.
“Ступаючы на землі Літвы, яны быццам д’яблы чыняць пакуты і боль у жыцці мільёнаў людзей”, адзначыў Дарашкявічуш. Гістарычны сэнс гэтай кампазіцыі адсылае да падзеяў 1939-1941 гадоў, калі Літва ды іншыя краіны Усходняй Еўропы былі далучаныя да Савецкага саюзу.
Цяпер такі ж боль і пакуты церпяць тысячы, а мо ўжо і мільёны людзей ад Пуціна ды Лукашэнкі. Праўда, экспаната з выявай беларускага дыктатара ў музеі ў Коўна пакуль няма.

Акрамя гэтага на выставе адлюстроўваюцца і стасункі чалавека з чортам – гэта і цяга людзей да алкаголю, курэння, распусты, сквапнасці ды іншага. І да чаго можа прывесці праца па нядзелях і не шанаванне гэтага дня.

На другім паверсе музейнай экспазіцыі месцяцца тэматычныя зоны з розных краінаў свету. Кожная краіна прадставіла адметныя яе стылю мастацтва экспанаты.

Калекцыя чарцей складаецца не толькі з невялікіх скульптур, але і з посуду, карцін ды іншых побытавых прыладаў.

Наведаць музей у Коўна можна па драсе: V. Putvinskio г. 64, Kaunas.




























































































Беларускае Радыё Рацыя






