BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Радзівілаўскія палацы розных мясцін

Самым знакамітым палацам Радзівілаў і сапраўдным сімвалам гэтага славутага беларускага рода стаў Нясвіжскі палац. Але ім маёмасць гэтых магнатаў, вядома, не абмяжоўвалася, ды налічвала мноства іншых сядзібаў па ўсёй Рэчы Паспалітай. У гэтым матэрыяле распавядзем пра тое, на якіх з беларускіх вуліц захаваліся іншыя палацы, што некалі належалі Радзівілам. Пра некаторыя з іх вы маглі нават ніколі не чуць.

Паланечка (каля вуліцы Азёрнай)

Пачаткова землі Паланечкі належалі Ульяне Гальшанскай, жонцы вялікага князя літоўскага Вітаўта. У канцы XVII стагоддзя маёнтак стаў уласнасцю Радзівілаў. Першым прадстаўніком роду, які ўладкаваў у Паланечцы рэзідэнцыю, стаў кашталян віленскі Мацей Радзівіл. Тут у яго, дарэчы, спыняўся расейскі пісьменнік Дзяніс Фанвізін.

Пазней, з канца ХІХ стагоддзя і да Першай сусветнай вайны тут жыў Альберт Станіслаў Радзівіл. У час Першай сусветнай вайны палац моцна пацярпеў, а пасля 1917 года яго інтэр’еры былі канчаткова разрабаваныя. Апошнімі ўладальнікамі Паланэчкі сталі Уладзіслаў Радзівіл і яго жонка Ганна Марыя Чартарыйская, якія эмігравалі ў Амерыку. У гады Другой сусветнай вайны ансамбль зноў зазнаў разбурэнні. Ужо пасля вайны будынак быў адноўлены і пераабсталяваны пад школу.

Старабарысаў (вуліца Працоўная)

Заснаванне гэтага палаца адносіцца да пачатку XIX стагоддзя, калі князь Міхаіл Геранім Радзівіл пабудаваў тут цэнтральную сядзібу на месцы старажытнага гарадзішча Барысава. Архітэктурны ансамбль уключаў багаты палац, гаспадарчыя пабудовы і парк, які часткова захаваўся да нашых дзён. Падчас вайны 1812 года тут спыняўся Напалеон Банапарт. Імператар займаў дом упраўляючага, вядомы сёння як “Дом Напалеона”. Пасля сыходу французаў сядзіба працягнула сваё развіццё пад кіраваннем спадчыннікаў Радзівіла, аднак фінансавыя цяжкасці змусілі іх прадаць маёнтак.

Новымі ўладальнікамі сталі прадстаўнікі расейскага імператарскай сям’і – князі Раманавы. У канцы XIX стагоддзя маёнтак выкупіла імператрыца Аляксандра Фёдараўна. Падчас Другой сусветнай вайны тут прайшла нарада нямецкага камандавання, на якой прысутнічаў Адольф Гітлер.

Дзятлава (вуліца Свярдлова)

Яшчэ адзін палац Радзівілаў быў пабудаваны ў 1751 годзе па ініцыятыве Мікалая Фаўста Радзівіла і па праекце архітэктара Джузэпэ Фантаны. Землі, на якіх пабудавалі палац, раней належылі Астрожскім і Сапегам. Фасады будынка вылучаліся вытанчанымі пілястрамі, гірляндамі, раслінным арнаментам і геральдычнымі знакамі. З канца XVIII стагоддзя палацава-паркавы комплекс змяніў уладальнікаў. Спачатку ён перайшоў да Солтанаў, але праз некалькі дзесяцігоддзяў, з-за ўдзелу Адама Солтана ў паўстанні 1831 года, быў канфіскаваны расейскімі ўладамі. У далейшым лёс палаца быў цесна звязаны з яго адаптацыяй да новых патрэбаў: тут размяшчаліся казармы, школа, прытулак для дзяўчынак, а ў савецкі час – раённы шпіталь.

Любча (вуліца Паркавая)

Найбольш старажытная са згаданых сядзібаў Радзівілаў знаходзіцца ў Любчы. Гэты замак быў узведзены яшчэ ў 1581 годзе па ініцыятыве магната Яна Кішкі. Неўзабаве ён перайшоў да Радзівілаў і ўжо на пачатку XVII стагоддзя князь Крыштаф Радзівіл значна перабудаваў замак, узмацніўшы яго абарончыя функцыі.

У XVII стагоддзі Любчанскі замак быў магутным умацаваннем з чатырма кутнімі вежамі, масіўнымі сценамі і прасторным унутраным дваром. Аднак да XVIII стагоддзя ён страціў сваё абарончае значэнне і паступова прыходзіў у заняпад. У 1864-1870 гадах на яго тэрыторыі быў пабудаваны палац, разбураны ў гады Першай сусветнай вайны. На падмурку палаца ў сярэдзіне XX стагоддзі была ўзведзена школа, а ад замка засталіся толькі дзве вежы. На сёння будынак паступова намагаюцца рэстаўраваць.

Жыццёвыя біяграфіі прадстаўнікоў гэтага роду былі настолькі адметнымі, што, як бачна з апісанага, сам факт прыналежнасці таго ці іншага палаца некаму з Радзівілаў, надзяляў яго цікавай і багатай гісторыяй. Працягнуць падобнае знаёмства з іншымі палацамі і сядзібамі магнатаў можна таксама на вуліцах Вільні і Варшавы.

К.С., Беларускае Радыё Рацыя