Расея стварыла падстаўную авіякампанію, каб перавозіць нелегальных мігрантаў у Еўропу. Гэта турэцкая Southwind Airlines будзе ажыццяўляць рэйсы з Турэччыны ў Менск. Авіякампанія месціцца ў Антальі.
Яе стварылі неўзабаве пасля пачатку вайны ва Украіне. Аднак усе яе тры самалёты і большая частка супрацоўнікаў паходзіць з расейскай Nordwind Airlines, якая базуецца ў Маскве. У сваю чаргу Nordwind належыць турфірме Pegas Touristik, уладальнікі якой — расейцы з турэцкімі каранямі.
Нядаўна ўлады Беларусі анансавалі, што з 23 снежня Southwind адкрывае прамыя рэйсы са Стамбула ў Менск усяго за 195 еўра. Час у палёце — на дзве гадзіны меншы, чым у Belavia, якая з-за санкцый не можа лятаць праз Еўразвяз. Як вядома, Turkish Airlines раней адмяніла рэйсы ў Менск пад ціскам Еўропы. Паводле інфармацыі Bild, улады Польшчы лічаць новы напрамак палётаў Southwind крокам да арганізацыі «новага спланаванага наплыву ўцекачоў праз Расею і Беларусь».
У Варшаве ўпэўненыя, што Масква і Менск актывізуюць «гібрыдную аперацыю» для пагаршэння міграцыйнага і, як следства, палітычнага крызісу ў заходніх краінах, асабліва ў Нямеччыне.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: ch-aviation.com