Калі людзі сярэдняга ўзросту ці сталага веку наведваюць сталіцу Латвіі, Рыгу, то ў іх часам узнікае настальгія ці адчуванне дэжавю.

Гэты горад адрозніваецца ад іншых сталіц краін Балтыі. Там і дагэтуль пануе значны расейскі ўплыў, што адчуваецца паўсюдна. Пачынаючы ад настрою некаторых людзей увогуле, а таксама ў сферы абслугоўвання і ў гандлі. У крамах часта можна ўбачыць расейскія і беларускія тавары, якіх ужо даўно, напрыклад, няма ў Літве ці Эстоніі. Ды і гандляры часта прапануюць гэты тавар, як нейкае ўжо дзівоцтва, але нахвальваюць яго якасць.

Тут таксама і да гэтай пары можна набыць разліўны квас з бочкі каля цэнтральнага рынка Рыгі ў раёне вакзалаў. Гэты кірмаш адзін са старэйшых у Еўропе, яго будынкі ўяўляюць з сябе ангары для захоўвання дырыжабляў, верталётаў ды іншых лятальных апаратаў. Яго пачалі будаваць на месцы старога рынку яшчэ да Першай сусветнай вайны, а скончылі пасля, у 1930 годзе.

Металічны каркас будынкаў рынка выкарыстаны з ангараў для захоўвання цэпелінаў, рынак складаецца з пяці павільёнаў, у якіх размяшчаецца тавар згодна адной тэматыкі. Самы цікавы з іх – гэта рыбны ангар. Там можна набыць смачную рыбу сямейства ласасёвых, палтус, зубатку, селядзец, скумбрыю ды іншыя віды рыбы, а таксама кансервы з іх, рулеты і ікру.

А ў іншым ангары аматары самагону могуць афіцыйна набыць нават вялікую бутлю гэтай вадкасці і падараваць яе сябрам ці прывезці адтуль як сувенір.

Па словах некаторых маладых людзей, якія наведваюць Рыгу, яны адчуваюць сябе не вельмі ўтульна ў сталіцы Латвіі, а іншыя б з задавальненнем тут жылі. Дух Рыгі настолькі разнастайны і неадназначны, што дакладна застанецца ў памяці турыста.

У Рызе ладзяцца маштабныя фестывалі для моладзі, у тым ліку UniCon, які сёлета праходзіў з 17 па 18 жніўня і сабраў больш за 16 000 наведвальнікаў. Ён уключае ў сябе касплей, коміксы, K-pop, анімэ, мангу, відэагульні, кіберспорт, цацкі, фільмы ды іншае.

На гэтых выходных Рыга адзначыла і свой чарговы Дзень горада, ужо 823-ы дзень народзінаў. Ён надоўга запомніцца жыхарам горада і турыстам сваімі цікавымі імпрэзамі, канцэртамі, горадам рамеснікаў, кулінарным фэстам смаку, вогненным шоу, выступам вулічных музыкаў ды іншымі разнастайнасцямі.


Рыга – гэта самая вялікая па колькасці жыхароў сталіца Балтыі, там жыве больш за 600 тысяч насельніцтва. Размешчаная яна па абодва берагі ракі Даўгавы (Западная Дзвіна), якая цячэ па Беларусі і Расеі і нясе за сабой таксама беларуска-расейскі дух і навейвае настальгіяй.

У Рызе ў натоўпе людзей можна пачуць не толькі расейскую мову, а і выказванні кшталту “хачу жыць у Расеі”. І калі чуеш гэта, то думаеш, у чым праблема – едзь і жыві ў Расеі.

Але нягледзячы на ўсё гэта, Рыга – усё ж такі еўрапейскі горад з яе прыгожай архітэктурай змяшэння розных стыляў – ад сярэдневяковай гатычнай архітэктуры старога горада да паўночнага мадэрну і сучаснай архітэктуры стыляў Баухаус і постмадэрн.

Гістарычны цэнтр горада, дарэчы, унесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.






















































Беларускае Радыё Рацыя