Самалёт кампаніі “Белавія”, які ляцеў з Берасця ў турэцкую Анталью 12 траўня, на паўдарозе, над Расеяй, развярнулі і вярнулі назад у Беларусь. Прычынай стала пашкоджанне лабавога шкла самалёта.

Пра інцыдэнт у Instagram расказала блогерка Крысціна Абубакірава. Паводле яе, самалёт змяніў курс прыкладна за тры гадзіны да прызямлення ў Турцыі. “Пілот у мікрафон кажа: наш самалёт разварочваецца з тэхнічных прычын і ляціць у Менск. Праз дзве гадзіны будзем у Менску”, — згадвае блогерка, якая ляцела ў Турцыю з мужам і двума дзецьмі. Ніякай дадатковай інфармацыі пасажырам не паведамілі.
Між тым пра расколіны на лабавым шкле самалёта “Белавіі”, паведаміў тэлеграм-канал Aviaincident. Звесткі пра гэта аўтары канала, верагодна, атрымалі ад прадстаўнікоў Растоўскай зоны адзінай сістэмы арганізацыі паветранага руху Расеі. Згодна з інфармацыяй растоўскіх дыспетчараў, 12 траўня ў 16:48 самалёт “Белавіі” далажыў пра расколіну на лабавым шкле з унутранага боку ў другога пілота і папрасіў аб зніжэнні. Потым самалёт вярнуўся ў Беларусь.