BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Славенія будзе выдаваць праязныя дакументы для грамадзян Беларусі

Славенія падтрымлівае пазіцыю аб непрызнанні Лукашэнкі і выступае за яго далейшую ізаляцыю на міжнароднай арэне – пра гэта вялася размова падчас сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Паўла Латушкі і дзяржаўнага сакратара МЗС Славеніі Марка Стучына.

Славенія выступае за пашырэнне санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі, у тым ліку гарманізацыю санкцый у дачыненні да рэжыму і Расейскай Федэрацыі за суагрэсію супраць Украіны. Павел Латушка звярнуў увагу на важнасць далейшага пашырэння санкцый, адначасова ўлічваючы адмову ад тых абмежавальных мер, якія непасрэдна ўплываюць на інтарэсы грамадзян Беларусі.

Славенія гатовая аказаць экспертныя прававыя кансультацыі для Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення па пытаннях прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці ў рамках Міжнароднага крымінальнага суда і Міжнароднага суда ААН. Дасягнута папярэдняя дамоўленасць аб правядзенні найбліжэйшым часам адпаведных кансультацый у Любляне.

У сувязі з адсутнасцю дыпламатычнай місіі Славеніі ў Беларусі асобна была закранута тэматыка выдачы віз для грамадзян Беларусі, якія плануюць паездкі ў Славенію, і магчымага садзейнічання з боку трэцяй краіны-чальца ЕЗ у выдачы гэтых віз. Марка Стучына абяцаў перадаць просьбу ў консульскі дэпартамент МЗС Славеніі для вырашэння гэтай праблемы.

Дзяржсакратар МЗС Славеніі ініцыятыўна праінфармаваў, што Славенія гатова выдаваць праязныя дакументы для грамадзян Беларусі, якія маюць праблемы з дакументамі, што сведчаць асобу (у тым ліку з пратэрмінаванымі пашпартамі), і пражываюць на тэрыторыі Славеніі. Народная амбасада Беларусі ў Славеніі актыўна працуе па гэтым пытанні, і ўжо ёсць прэцэдэнт выдачы такога дакумента.

Таксама падчас сустрэчы закранулі праблему, звязаную з адкрыццём рахункаў для грамадзян Беларусі ў камерцыйных банках Славеніі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: fermantripclub.com