Вільня – еўрапейская сталіца Калядаў – адсвяткавала самы калядны дзень – 13 снежня.

У гэты дзень жыхарам і гасцям літоўскай сталіцы было прапанавана акунуцца ў дзяцінства, згадаць святкаванне Калядаў і перажыць тыя радасныя моманты наноў. За гэтыя ўспаміны людзі маглі атрымаць своеасаблівую святочную валюту, якая выглядала ў форме святочнай чырвонай шышкі. Гэтую валюту можна было абмяняць на гарачы напой -глінтвейн, каву, гарачы шакалад, кісель, квас – ці пончыкі ў кавярнях Вільні.

Таксама ў турыстычным цэнтры Go Vilnius ды іншых кропках можна было падпісаць паштоўкі сваім родным з замежжа і адправіць іх бясплатна.

Vilnius Sightseeing арганізаваў у гэты дзень бясплатныя аўтобусныя экскурсіі для ўсёй сям’і па старым горадзе Вільні. Было і некалькі пешых бясплатных калядных экскурсій, квіткі на якія разляцеліся ў інтэрнэце за некалькі хвілін.

Падняць дзеткам ды і сабе настрой можна было пракаціўшыся таксама з прыемнай святочнай музыкай бясплатна на калядным цягніку ці на адным з рэйсавых аўтобусаў.

У горадзе на галоўнай плошчы – Кафедральнай – працаваў і калядны кірмаш, дзе можна было пакатацца на каруселі, прывезенай з Італіі. Квіток туды каштаваў 6 еўра. А на Ратушнай плошчы ўсе жадаючыя змаглі пакатацца на лёдзе і паглядзець выступы адмыслоўцаў.

Калядны кірмаш працаваў нават і ў будынку былой лукішкай турмы, дзе таксама быў гастрабар з ды-джэем і каляднымі напоямі, а таксама быў інсталяваны святочны пакой 90-х гадоў., дзе наведвальнікі рабілі фотаздымкі.

А ў двары бібліятэкі Адама Міцкевіча з’явілася рэзідэнцыя літоўскага Дзеда Мароза, куды нават стаялі чэргі не толькі сем’яў з дзецьмі, але і дарослых. У ёй дзетак і дарослых віншаваў літоўскі Санта, пасля былі фотаздымкі на памяць на каленях у галоўнага казачнага персанажа Калядаў і новага года. Менавіта так, а не іначай, як у дзяцінстве.

Увечары быў выступ каляднага хору на Ратушнай плошчы і цырымонія перадачы тытула Еўрапейскай сталіцы Калядаў. А з надыходам цемры віленская тэлевежа нават «затанцавала пад музыку» калядных хітоў на Power Hit Radio Lithuania.

Дарэчы 13 снежня ў Вільні не было снегу, а наступны дзень якраз наступіла сапраўдная зіма, бо выпала даволі шмат снегу. Але гэта не адзіны цуд, які здарыўся ў Вільні. Якраз 13 снежня ў Вільню прывезлі вызваленага ў Беларусі Нобелеўскага лаўрэата і праваабаронцу Алеся Бяляцкага.
Гэта сведчанне таго, што нягледзячы ні на што, як дзецям, так і дарослым трэба працягваць верыць у цуды. І тады яны абавязкова здараюцца!




























Беларускае Радыё Рацыя






