Перад святамі на літоўскай і польскай граніцах з Беларуссю павялічыліся чэргі.

Адзін з пасажыраў распавёў у чаце, прысвечаным перасячэнню мяжы, што пераезд польска-беларускай мяжы заняў у яго 30 гадзін, пры гэтым на польскую мяжу ён прыехаў каля 12 гадзін 25 снежня. Яшчэ адна беларуска, якая ехала ў Беларусь з Польшчы, распавяла “Медыязоне”, што перасекла абедзве межы на аўтобусе за 25 гадзін. З іх 17 гадзін аўтобус стаяў на польскай тэрыторыі.
На мяжы Беларусі з Літвой сітуацыя крыху лепшая. Пераезд мяжы на аўтобусе заняў у адной з суразмоўцаў 9 гадзін. Але да прыкладу, беларус, які ехаў праз Літву на машыне 22 снежня праз «Каменны Лог», патраціў на пераезд мяжы 41 гадзіну.
Сёння сітуацыя на межах больш спакойная, і на выезд з Беларусі чаргі з легкавых аўто і аўтобусаў няма. У адваротным напрамку ў Цярэспалі чаканне для легкавых машын складае тры гадзіны.