BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Што знайшлі пры раскопках у ваколіцах Гальшан?

Мангольскія стрэлы, візантыйскія амфары, гузікі французскіх салдат: амаль 600 артэфактаў з Гальшанскага археалагічнага комплексу прадстаўлены на ўнікальнай выставе ў Ашмянскім краязнаўчым музеі, паведамляе БЕЛТА.

Праект, падрыхтаваны Ашмянскім краязнаўчым музеем ім. Ф.К.Багушэвіча сумесна з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, запрашае гледачоў у падарожжа праз стагоддзі.

Выстава “У пошуках страчанага часам” прадстаўляе амаль 600 артэфактаў – матэрыялаў раскопак Гальшанскага археалагічнага комплексу, які ўключае ў сябе паселішча XI-XVI стагоддзяў, тры іншыя паселішчы і шэраг курганоў. Гэтыя экспанаты дазваляюць усебакова пазнаёміцца ​​з гісторыяй Гальшан і наваколля ад V да ХІХ стагоддзяў.

“Вынікі вывучэння Гальшанскага комплексу сапраўды здзіўляюць: тут знойдзены стрэлы гунаў V стагоддзя, рэчы, якія адносяцца да культуры ўсходнелітоўскіх курганоў, шкляныя бранзалеты і пасавыя накладкі Х-XI стагоддзяў, мангольскія стрэлы сярэдзіны XIII стагоддзя, рэшткі візантыйскай амфары і многае іншае. Завяршае экспазіцыю раздзел, прысвечаны вайне 1812 года: кулі, накладкі на ківер, гузікі французскай і расейскай армій, шрапнэль – усё гэта сведчанні баёў у наваколлях Гальшан”, – распавяла дырэктарка музея Анастасія Навіцкая.

Разам са спецыялістамі ўжо амаль 20 гадоў у раскопках удзельнічаюць навучэнцы Гальшанскай СШ, пры якой адкрыты гісторыка-археалагічны лагер “Кентаўры”.

Выстава працягнецца ў музеі да 15 траўня.

Фота: Ашмянскага раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра