BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Супермесяц на небе – 5-га лістапада 2025»

Толькі 356 833 км будзе аддзяляць нас ад Месяца 5-га лістапада.

Фота: Лабараторыя сонечнай астраноміі ІКІ РАН.

А гэта з’яўляецца найменшай адлегласцю за ўвесь 2025 год нашага натуральнага спадарожніка ад Зямлі.

5 лістапада будзе поўня, падчас якой Месяц будзе бліжэй за ўсё да Зямлі ў гэтым годзе.

Калі мы рэгулярна назіраем Месяц, то часам заўважаем, што ён знаходзіцца бліжэй да Зямлі на сваёй арбіце вакол нашай планеты. Тады яго дыск здаецца крыху большым на небе і “ззяе” крыху ярчэй. Гэта называецца супермесяцам.

Розніца паміж поўняй у перыгеі (найбліжэйшай да Зямлі) і апагеі (найдалейшай ад Зямлі) складае 14 працэнтаў ад памеру дыска натуральнага спадарожніка Зямлі; што тычыцца яго яркасці, яна на цэлых 30 працэнтаў большая.

Найбліжэйшы супермесяц можна будзе назіраць 5 лістапада. А 14:19 натуральны спадарожнік Зямлі будзе ў поўні. У той жа дзень, а 23:30, ён пройдзе праз свой арбітальны перыгей. Яго адлегласць ад Зямлі складзе 356 833 км, што зробіць яго найбольш блізкім да Зямлі ў 2025 годзе.

У гэты дзень Месяц узыдзе а 17:00 і зайдзе на наступны дзень а 9:31. Калі мы паглядзім на неба каля 22:00, мы ўбачым прыгожую канфігурацыю Месяца, яркія зоркі і планеты, бо сузор’е Арыён і планета Юпітэр паспеюць цалкам узысці да таго часу.

Апроч таго і зоркі і планеты прымуць асаблівую канфігурацыю.

Калі мы паглядзім ад Месяца ўніз на гарызонт, крыху налева, то спачатку ўбачым яркую зорку Альдэбаран, а пад ёй — сузор’е Арыён, якое складаецца з яркіх зорак і нагадвае схематычны сілуэт чалавека. Злева ад Арыёна свеціць яркі Юпітэр. На процілеглым баку Месяца (над паўднёвым гарызонтам), прыкладна на такой жа адлегласці, як і Юпітэр, знаходзіцца Сатурн.

Гэтая канфігурацыя таксама выглядае цікава раніцай. Тады Месяц знаходзіцца на захадзе, нізка на гарызонце, а злева ў лініі знаходзяцца Альдэбаран, Арыён і Сірыус. Юпітэр вышэй, а Сатурн схаваны пад гарызонтам. Праўда, што цікава aсабліва для тых, хто глядзіць у тэлескоп. Каб толькі неба не было захмараным.

А як гэта магло выглядаць з другога боку?

А менавіта.

56 гадоў таму людзі ўпершыню ступілі на Месяц (зрэшты толькі адзіны раз).

20 ліпеня 1969 года пасадачны модуль «Апалон-11» з астранаўтамі Нілам Армстрангам і Базам Олдрынам на борце прызямліўся на Месяц. Гэта быў першы ўражлівы поспех Злучаных Штатаў у касмічнай гонцы з Савецкім Саюзам, якая працягвалася з сярэдзіны 20 стагоддзя. У той дзень увесь свет з затаеным дыханнем сачыў за падзеямі ў космасе. Амерыканскі касмічны карабель накіроўваўся да Месяца, і мільярды людзей назіралі за гэтымі захапляльнымі падзеямі па радыё і тэлевізарах. Вось што перадавала тады Польскае радыё:

«Мы пачынаем наш агляд пасадкі на Месяц. Апарат, які сёння аддзяліўся ад кабіны «Апалона-11», зараз набліжаецца да Месяца. Унутры апарата знаходзяцца два астранаўты — Армстранг і Олдрын. У гэты момант яны, верагодна, вісяць вертыкальна над Месяцам, спускаючыся з хуткасцю некалькіх метраў у секунду.

(…) Людзі высадзіліся на Месяц! Пачаўся новы раздзел у нашай гісторыі. Першыя словы чалавека на Месяцы: «Арол прызямліўся!»

Менавіта, 20 ліпеня 1969 года Польскае радыё вяшчала з Палаца культуры і навукі ў Варшаве, і было адзінай радыёстанцыяй у камуністычным блоку, якая транслявала гэтую падзею.

Варта дадаць, што значны ўклад у гэтым «новым раздзеле» меў і беларус, Барыс Кіт, амерыканскі навуковец, матэматык, суаўтар рапрацоўкі касмічнага паліва да згаданага «Апалона-11» .

(Пра што ў свай час расказаў мне гэты выбітны нараджэнец Наваградчыны).

Рэпартаж пра Барыса Кіта:

Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя