У сталіцы Літвы жыхары і госці горада ўжо адсвяткавалі Каляды, а праз два дні будуць адзначаць Новы год. Яго прапануюць нават святкаваць на Кафедральнай плошчы ля галоўнай ялінкі Вільні з 22.00 да 01.00 гадзіны.
Дарэчы, сёлета ялінка натуральная і не падаецца такой цікавай і маштабнай, як было запар некалькі год таму. Раней вільнюская ялінка прызнавалася грамадскасцю адной з самых прыгожых у Еўропе. Сёлета новым кіраўніцтвам горада (у гэтым годзе змяніўся мэр Вільні, ім стаў 39-гадовы Валдас Бенкунскас) было вырашана ўсталяваць звычайную ялінку і сэканоміць на гэтым. Хтосьці з жыхароў Вільні гэтым задаволены, але камусьці не хапае той пампезнасці, якая была раней.
Мастацкую кампазіцыю каляднай ялінкі на Кафедральнай плошчы стварыла пераможца конкурсу кампанія Lumidėja. Кошт дамовы, згодна з якой падрадчык устанавіў елку, складае 89 500 еўра. Гэта ў тры разы танней, чым выдаткавалі на ялінку ў мінулым годзе. Апошні раз жывую елку ў сталіцы Літвы ўстанаўлівалі ў 2010 годзе.
На Кафедральнай плошчы ля галоўнай ялінкі Літвы размясціўся калядны гарадок, таксама ад яе адыходзіць святочны цягнік, які курсіруе па самых прыгожа ўбраных да навагодніх святаў вуліцах старога горада.
На Кафедральнай плошчы працуе дабрачынны кірмаш, 28 снежня там віншавалі з навагоднімі святамі ўкраінскіх і літоўскіх дзяцей. Час ад часу там можна пабачыць і калядны дом на колах, які прыдумаў акцёр Вячаславас Міцкявічус-Слаўка. Яго ён возіць па Вільні пры дапамозе свайго гістарычнага аўтамабіля. Раней ён проста ўпрыгожваў сваё аўто на навагоднія святы і клаў на дах упрыгожаную ялінку. Але за такую язду яму часта даводзілася апраўдвацца перад паліцыяй. І зараз ён прыдумаў калядны дом на колах, які можна перавозіць у якасці прычэпу.
Увогуле Вільня падчас навагодніх святаў ператвараецца ў казачны горад, дзе крамы, кавярні ды іншыя арганізацыі быццам спаборнічаюць на лепшае ўпрыгожанне аб’ектаў. Яны наймаюць дзеля гэтага нават дызайнераў. І гэта, канешне, не застаецца не заўважаным жыхарамі і турыстамі. На вуліцах горада часта можна ўбачыць людзей, якія павольна шпацыруюць і спыняюцца, каб сфатаграфавацца на фоне гэтых упрыгожанняў.
Беларускае Радыё Рацыя