Паставы – адзін з тых невялікіх беларускіх гарадоў, дзе хіба большасць беларусаў ніколі не былі і не плануюць наведваць. У прыватнасці, гэта не такі папулярны турыстычны цэнтр, як Гародня, Нясвіж або Мір. Але насамрэч Паставы таксама могуць пахваліцца шмат якімі цікавінкамі. Таму мы падрыхтавалі топ-3 таго, што можна цікавага знайсці на вуліцах гэтага горада.
Палац Тызенгаўза на вуліцы Савецкая
Гэты комплекс, пабудаваны ў стылі класіцызму, залічаецца да канца XVIII стагоддзя. Пачатковая сядзіба, якая была на гэтым месцы раней уключала ў сябе некалькі драўляных пабудоў, у тым ліку жылыя дамы, стайні і гаспадарчыя памяшканні. Будаўніцтва мураванага палаца пачалося ў 1760-х гадах з ініцыятывы Антонія Тызенгаўза. Лічыцца, што аўтарам праекта выступіў слынны італьянскі архітэктар Джузэпэ Сака. Аднак працы спыніліся ў 1770-я і толькі ў першай палове XIX стагоддзя, дзякуючы намаганням унука Антонія — Канстанціна Тызенгаўза, будаўніцтва было завершана.

Канстанцін Тызенгаўз быў не толькі знакамітым архітэктарам, але і выдатным навукоўцам-арнітолагам. Ён стварыў унікальны музей арніталогіі, які лічыўся адным з найбагацейшых у Еўропе. Музей меў тысячы чучал рэдкіх птушак, сабраных за 40 гадоў даследаванняў. Акрамя таго, Тызенгаўз з вялікай любоўю ставіўся да мастацтва і стварыў у палацы галерэю з працамі вядомых мастакоў, у тым ліку Леанарда Да Вінчы, Рубенса, Рэмбрандта і Дзюрэра.
Гістарычная гарадская забудова на Плошчы Леніна
У вялікай ступені гістарычная гарадская забудова горада сканцэнтравалася каля былой Рынкавай, а цяпер плошчы Леніна. Гэта помнік горадабудаўніцтва ў стылі барока другой паловы XVIII стагоддзя. Забудова была часткай маштабных праектаў, якія рэалізоўваў Антоній Тызенгаўз, тагачасны ўладальнік Паставаў. Забудова тут складалася з дамоў рамеснікаў, гасцініц, судоў і гандлёвых радоў. Асаблівасцю ансамбля было тое, што ён меў шматфункцыянальны характар, адначасова з’яўляючыся адміністрацыйным, гандлёвым і рэлігійным цэнтрам.

Вядома, сучасны стан плошчы не такі, якім ён быў (з 22 аб’ектаў захаваліся 8), але зберагліся важныя элементы, якія працягваюць адлюстроўваць архітэктурны характар праекта. Сярод захаваных будынкаў варта адзначыць дом доктара, тры дамы рамеснікаў, гатэль і жылыя дамы, якія часткова захавалі свой аўтэнтычны выгляд. Дом доктара, двухпавярховы будынак пад высокім дахам, спалучаў у сабе функцыі лякарні і аптэкі на першым паверсе і жылых памяшканняў на другім. Гасцініца і дамы рамеснікаў таксама захавалі свае архітэктурныя асаблівасці, такія як мансарды і простыя геаметрычныя формы фасадаў.
Касцёл Святога Антонія Падуанскага на вуліцы Набярэжнай
Яго гісторыя пачынаецца задоўга да цяперашняга будынка. Першыя згадкі пра касцёл у Паставах сягаюць 1516 года, калі Юрый Зяновіч і яго сыны заснавалі касцёл Божай Маці. У выніку шматлікіх ваенных канфліктаў драўляны будынак быў знішчаны. У ХVIII стагоддзі касцёл быў адбудаваны нанова і прысвечаны Апецы Божай Маці, Святому Мікалаю і Святому Юрыю. Пазней храм зноў пацярпеў ад пажару.

Цяперашні Касцёл Святога Антонія Падуанскага быў пабудаваны ў 1898-1904 гадах. Архітэктар Артур Гойбель вырашыў выкарыстаць часткі падмуркаў старога францысканскага кляштара, хаця арыентацыя храма не адпавядала традыцыйнай. Гэты будынак стаў увасабленнем неаготыкі. У савецкі перыяд касцёл быў закрыты і ператвораны спачатку ў складское памяшканне, а затым — у завод «Беліт». Толькі ў 1989 годзе касцёл вярнулі вернікам.
Вось толькі некаторыя з прыгожых будынкаў ды з цікавай гісторыяй, якія вы можаце адшукаць на вуліцах горада Паставы, калі выправіцеся туды ў падарожжа. Але іх, вядома, захавалася значна больш. У прыватнасці, гэта і вадзяны млын, і Свята-Мікалаеўская царква, і сінагога, і шмат чаго яшчэ. У кожным разе, вуліцы гэтага горада здольныя здзівіць і пэўна не расчаруюць.
К.С., Беларускае Радыё Рацыя






