Ва ўсіх абласцях Беларусі на сёння, 17 жніўня, уведзеныя абмежаванні або забароны на наведванне лясоў. Пра гэта сведчаць дадзеныя інтэрактыўнай карты Мінлясгаса.

Зараз амаль усе раёны Беларусі афарбаваныя ў жоўты колер. Нагадаем, што абмежаванне на наведванне лясоў мае на ўвазе забарону на ўезд туды на аўтамабілі, а таксама на распальванне вогнішчаў. Пешаходам шпацыраваць у такіх месцах дазволена.
Пры гэтым у пяці раёнах уведзеная забарона на наведванне лясоў. Яны знаходзяцца на Берасцейшчыне. Гэта Берасцейскі, Маларыцкі, Жабінкаўскі, Кобрынскі і Камянецкі раёны. Забарона дзейнічае з 13 жніўня з-за высокай рызыкі пажараў.
Абмежаванняў няма толькі ў шасці раёнах Беларусі. Гэта Мядзельскі раён Менскай вобласці, а таксама пяць раёнаў Віцебшчыны: Пастаўскі, Шаркаўшчынскі, Браслаўскі, Мёрскі і Верхнядзвінскі.





