У Берасці рыхтуюць перабудову моста цераз Мухавец. Пры гэтым мясцовыя ўлады заявілі, што цалкам перакрываць мост, накіроўваючы аўтамабілі ў аб’езд, не будуць. Аднак мост даўно патрабуе рэканструкцыі.

Работы пачнуцца ўжо ў канцы чэрвеня. Пра гэта піша БелТА са спасылкай на дырэктара Упраўлення капітальнага будаўніцтва Берасця Ігара Касянкова.
Рэканструкцыя будзе паэтапнай. На мосце да канца наступнага года збудуюць новае адгалінаванне, а ў 2027 годзе дэмантуюць цяперашнюю лінію, каб пабудаваць новую на ранейшым месцы.
Фінансаванне праекту будзе весціся за кошт крэдыту Банку развіцця. На выкананне работаў адведзены 43 месяцы.