BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У двух самалётаў расейскіх авіякампаній выключыліся рухавікі

Адразу два самалёты расейскіх авіякампаній былі вымушаны вярнуцца ў аэрапорты вылету праз адмову рухавікоў неўзабаве пасля ўзлёту. Пра гэта паведамляе The Moscow Times.

Першы інцыдэнт адбыўся з Airbus A321neo авіякампаніі “Уральскія авіялініі”, якія выконвалі рэйс з егіпецкага Шарм-эль-Шэйха ў Екацярынбург. На вышыні 4500 метраў у лайнера адмовіў левы рухавік. Экіпаж далажыў аб няспраўнасці дыспетчарам, пасля чаго прыняў пастанову пра вяртанне ў аэрапорт вылету.

Другі выпадак адбыўся з Boeing 737 авіякампаніі NordStar, які выконваў рэйс Валгаград – Екацярынбург увечары 2 студзеня. На вышыні 11300 метраў у самалёта таксама адмовіў левы рухавік. Экіпаж вярнуўся ў аэрапорт Гумрак у Валгаградзе.

Пасля гэтых інцыдэнтаў прэс-службы абедзвюх авіякампаній паведамілі, што лайнеры адхіленыя ад палётаў для тэхнічнага агляду і ацэнкі стану.

Да пачатку вайны ва Украіне расейскі авіяпарк налічваў 1031 самалёт, дзве трэці з якіх складалі паветраныя судны вытворчасці Boeing і Airbus. Аднак санкцыі ЗША і ЕЗ забаранілі абслугоўванне гэтых самалётаў, а таксама пастаўкі новых лайнераў. У 2023 годзе расейскі ўрад таемна дазволіў авіякампаніям займацца разборкай самалётаў – зняццем спраўных запчастак з адных лайнераў для іх усталёўкі на іншыя.

Фота: samolety.org