BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Грузіі – Дзень Незалежнасці

26 траўня Грузія адзначыла вялікае свята сваёй краіны – Дзень Незалежнасці.

Гісторыя свята паходзіць з першай паловы ХХ стагоддзя, калі ў 1918 годзе была створана Грузінская Дэмакратычная Рэспубліка.

Гэта дзяржава была створана ў выніку роспуску Закаўказскай федэрацыі. Кіраваў краінай так званы “меншавіцкі ўрад”, які не прызнаваў улады Леніна і не прыняў “Петраградскі пераварот” – тое, што ў савецкай гісторыі называлася “Вялікая Кастрычнічкая рэвалюцыя”.

Грузінская дэмакратычная рэспубліка была адразу прызнана Асманскай і Германскай імперыямі. Грузія абавязвалася прыняць нямецкую ахову, аднак да 1920 частка Грузіі з цэнтрам у Батумі была пад брытанскай акупацыяй.

Краіна праіснавала амаль тры гады, пакуль савецкае кіраўніцтва не заняла тэрыторыю Грузіі, у выніку чаго на яе тэрыторыі была зацверджаная савецкая ўлада. Урад Грузінскай Дэмакратычнай Рэспублікі ў выгнанні існаваў да 1954 года.

Цяпер святкаванне Дня незалежнасці Грузіі ці Сакартвэла, адзначаюць з вялікім размахам: у гарадах сучасныя дзяржаўныя сцягі на амаль усіх будынках і ўстановах. На тэатральных пляцоўках выступаюць музыкі і калектывы, што прадстаўляюць традыцыйныя грузінскія танцы. Цэнтр гарадоў таксама застаўляюць вайсковай тэхнікай, каб паказаць веліч грузінскага войска.

У Батумі не гледзячы на пераменлівае надвор’е таксама быў вялікі кірмаш каля вежы Алфавіт і выстаўлена вайсковая тэхніка.

А ў Тбілісі ў гэты дзень адбылося самая вялікае шэсце супраць так званага “закону пра інагентаў”. На вуліцы грузінскай сталіцы выйшла больш за 60 тысяч чалавек, большасць з якіх складала моладзь.

Беларускае Радыё Рацыя