Турфірмам Латвіі плануюць забараніць арганізоўваць турпаездкі ў Беларусь і Расею. Адпаведныя папраўкі ў Закон “Аб турызме” ўнесла парламенцкая фракцыя “Новае адзінства”. У гэтае партыйнае аб’яднанне ўваходзіць і прэм’ер-міністр Эвіка Сіліня.

Ініцыятары заяўляюць, што хочуць знізіць рызыкі магчымых парушэнняў правоў чалавека ў дачыненні да грамадзян Латвіі, а таксама прадухіліць іх вярбоўку, піша Delfi.lv.
Забарона турпаездак у Беларусь і Расею будзе рэалізоўвацца як частка ўжо ўведзеных міжнародных санкцый супраць гэтых краін.
У дакладзе Службы дзяржаўнай бяспекі за 2024 год адзначаецца, што колькасць падарожнікаў, якія паехалі ў Расею ў 2024 годзе, вырасла ўдвая ў параўнанні з 2023-м. Штомесяц летась у Расею адпраўляліся ў сярэднім амаль 2000 грамадзян Латвіі. І гэта нягледзячы на неаднаразовыя заклікі Службы дзяржбяспекі і Міністэрства замежных спраў не ехаць у РФ.