Ратавальнікі паведамляюць, што ў Магілёўскай вобласці зафіксаваныя новыя затапленні талымі і паводкавымі водамі. Падтапіла аўтамабільны мост і ўчастак аўтадарогі каля вёскі Парадзіна Мсціслаўскага раёна. На некаторых напрамках вада выйшла на дарогу і ў Бялыніцкім і Слаўгарадскім раёнах. А ў ваколіцах Гомеля падтапіла жылыя дамы.
Па словах інструктара Таварыства выратавання людзей на вадзе, усе жыхары ў зонах паводкі праінфармаваныя пра небяспеку:
-Навошта рызыкаваць? Мы з усімі жыхарамі паразмаўлялі і з прадпрыемствамі, каб яны свае матэрыяльныя каштоўнасцті эвакуявалі. Агульныя прынцыпы падрыхтоўкі для ўсіх аднолькавыя. Неабходна эвакуяваць матэрыяльныя каштоўнасці, паклапаціцца пра хатніх жывёл, дзяцей, хворых.
Паводле гідраметэаслужбы, у бліжэйшыя дні ровень вады ў рэках краіны працягне падвышацца, бо яшчэ не паўсюдна сышоў лёд. Месцамі павелічэнне роўню вады ў рэках даходзіць да 21 сантыметра за суткі.
Беларускае Радыё Рацыя