BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Менскім аэрапорце затрымліваюцца некалькі міжнародных авіярэйсаў

У сераду, 31 снежня, у Нацыянальным аэрапорце Менск некалькі міжнародных рэйсаў прыбылі з затрымкай. Пра гэта сведчаць дадзеныя анлайн-табло аэрапорта.

Самалёт авіякампаніі «Аэрафлот», які ляцеў з маскоўскага аэрапорта Шарамецьева, прызямліўся ў Менску ў 0:35 — з затрымкай прыкладна на дзве з паловай гадзіны.

З апазданнем каля паўгадзіны таксама прыляцелі рэйсы авіякампаніі Belavia з Хургады, Салалы, Шарм-эль-Шэйха і Ташкента. Ранішні рэйс з Тбілісі прыбыў у Менск у 9:15 замест запланаваных 7:10.

На гадзіну затрымаліся рэйсы з Баку, Хургады і Батумі. Самалёт з Туркменбашы, паводле абноўленага раскладу, павінен прызямліцца ў сталіцы Беларусі ў 12:00 замест 10:20. З апазданнем чакаецца і прыбыццё рэйса з Самары.

Парушаны быў і графік вылетаў. У прыватнасці, начныя рэйсы Belavia ў Баку, Тбілісі і Туркменбашы выляталі з затрымкай у сярэднім на дзве з паловай гадзіны. Самалёт у Стамбул замест 9:10 вылецеў з менскага аэрапорта ў 10:30.

Прычыны затрымак у раскладзе не паведамляюцца.