BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Мінінфраструктуры Польшчы абмеркавалі праблемы беларусаў

Звязаныя з транспартам і вандроўкамі праблемы беларусаў абмеркавалі з кіраўніцтвам Міністэрства інфраструктуры Польшчы сябра кааліцыі “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду” ў Каардынацыйнай радзе Арцём Брухан, кіраўніца ініцыятывы Partyzanka Ганна Маціеўская і прадстаўнікі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Паводле інфармацыі тэлеграм-канала згаданай кааліцыі, на сустрэчы сярод іншых былі ўзняты пытанні “пашырэння шэрагу асобаў, якім не патрабуецца пацвярджаць сапраўднасць нацыянальнага  пасведчання кіроўцы”, “вырашэння сітуацыі з канфліктам тэрмінаў разгляду заяў аб міжнароднай абароне і аб абмене пасведчання кіроўцы”, “удасканалення працэдуры рэгістрацыі транспартных сродкаў у Варшаве і скарачэння чэргаў”, “вырашэння пытання з адмовамі ў рэгістрацыі на рэйс па польскім праязным дакуменце”.

Сцвярджаецца, што чыноўнікі профільнага міністэрства “пазітыўна ўспрынялі” прапановы прадстаўнікоў беларускага дэмруху. Тэлеграм-канал кааліцыі са спасылкай на дырэктара Дэпартамента дарожнага руху Рэнату Рыхтэр паведаміў, што ў бліжэйшы час плануецца пашырыць пералік асоб, якім не трэба пацвярджаць сапраўднасць пасведчання кіроўцы. Акрамя таго, заяўлена, што “прадугледжана магчымасць падачы заявы аб абмене пасведчання да атрымання пастановы аб міжнароднай абароне”.

Міністэрства інфраструктуры Польшчы аб сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх дэмсіл не паведамляе.

Беларускае Радыё Рацыя