
Фота: Wikimedia Commons
Польская дзяржаўная пасажырская кампанія PKP Intercity паведаміла пра новаўвядзенні, якія рыхтуюцца з 15 снежня. У гэты дзень уваходзіць новы расклад руху цягнікоў.
Так, з паловы снежня PKP Intercity штодня будзе рэалізаваць 505 спалучэнняў – 471 круглагадовае і 34 сезонных. У параўнанні з летнім раскладам руху лічба маршрутаў павялічыцца на 50.
PKP Intercity плануе таксама павялічыць частату курсавання цягнікоў на найбольш папулярных трасах.
Так, з Уроцлава ў Кракаў пасажырскія саставы будуць хадзіць штогадзіну, з Познані ў Кракаў – не радзей чым раз у дзве гадзіны, а з Гдыні ва Уроцлаў – кожныя дзве гадзіны.
Акрамя таго, скароціцца час падарожжа на некаторых трасах. Так, шлях з Варшавы ў Шчэцін (453 км) цягнік будзе праходзіць за 4 гадзіны 18 хвілін, у Беласток – за 1 гадзіну 30 хвілін (200 км), у Лодзь – за 1 гадзіну і 7 хвілін (120 км).






