Раённыя «Дажынкі» ў Пухавіцкім раёне, якія мусілі адбыцца 27 верасня, нечакана перанеслі на 4 кастрычніка. Пра гэта паведамілі 25 верасня ў сацсетках раённай газеты і раённага цэнтра культуры.

Паведамленне пра перанос з’явілася літаральна за два дні да прызначанай даты, што выклікала абурэнне мясцовых жыхароў і ўдзельнікаў свята. У каментарыях людзі адзначаюць, што гэта непавага да людзей, якія рыхтаваліся загадзя. Адміністратары адказваюць, што «прычыны ёсць заўсёды» і што падобныя пераносы адбываюцца і ў іншых раёнах вобласці.
Аднак афіцыйнай прычыны не агучылі. Арганізатары сцвярджаюць, што гэта не звязана з няпоўнай падрыхтоўкай, але некаторыя ўдзельнікі не згодныя. Адна з жанчын, датычная да арганізацыі, адзначыла:
«Прычыну я не ведаю, затое ведаю наступствы: заказаныя да свята 10 караваяў тыдзень не вытрымаюць, букеты ператворацца ў венікі. Гэта страты. А прычына, хутчэй за ўсё, тая, якую наш прэзідэнт згадвае на кожнай нарадзе — безадказнасць».
Караваі да свята выпякаліся не ў Пухавічах, а былі спецыяльна замоўленыя ў Слуцку, і іх ужо паспелі прывезці. Цяпер пад сумневам, ці застануцца яны прыдатнымі да новай даты.






