У Расеі суд нацыяналізаваў групу кампаній «Сірэна-трэвел» — аператара сістэмы браніравання авіябілетаў Leonardo, якой карыстаецца і беларуская авіякампанія Белавія.

Рашэнне 20 лютага прыняў Нікулінскі раённы суд Масквы, задаволіўшы пазоў Генпракуратуры РФ аб звароце маёмасці ў даход дзяржавы. Разгляд справы праходзіў у закрытым рэжыме, паведамляе РБК.
Паводле версіі пракуратуры, кампаніі групы былі набытыя карупцыйным шляхам і знаходзіліся пад крымінальным уплывам і замежным кантролем. Заснавальнікам «Сірэна-трэвел» называюць дэпутата Дзярждумы РФ Рыфата Шайхутдзінава. У межах справы ў даход дзяржавы таксама звернутыя гасцінічныя і камерцыйныя актывы ў Санкт-Пецярбургу.
Сістэма Leonardo выкарыстоўваецца «Белавіяй» з восені 2023 года. 26 студзеня гэтага года ў сістэме адбыўся маштабны збой, з-за якога было часова прыпыненае афармленне білетаў.






