У сталіцы Літвы 5 снежня з вакзала выехаў калядны аўтобус, упрыгожаны пернікавымі фігуркамі ды іншым калядным дэкорам. За стырном такога аўтобуса кіроўца – Дзед Мароз, які стварае настрой пасажырам, забаўляе іх падчас паездкі музыкай, вясёлымі воклічамі і фотаздымкамі з пасажырамі на прыпынку.

Аўтобус, пачынаючы з 10.00 штодня ў будныя будзе выязджаць з тэрыторыі вакзала з прыпынку А, спыняцца на 12 прыпынках. Будзе курсіраваць па цэнтру горада аўтобус да 19.00. А ў выходныя ён стартуе з той жа кропкі, але ў 13.00 і будзе развозіць пасажыраў да 20.30. Такім чынам ён будзе курсіраваць кожны дзень да Новага года.

На паездку не трэба набываць квіткі, бо там бясплатны праезд. Такім чынам улады Вільні вырашылі напоўніць духам Раства горад і падараваць жыхарам святочны настрой.
І сапраўды, калі едзеш у аўтобусе, людзі на вуліцах спыняюцца, фатаграфуюць аўтобус, усміхаюцца і вітаюць пасажыраў каляднага аўтобуса. Махаючы ім рукамі.

Але гэта яшчэ не ўсё, на некаторых маршрутах хуткасных аўтобусаў таксама “ўключаць калядны настрой” і пасажыраў будзе сустракаць хор з жывой музыкай. Музыка будзе гучаць па чарзе ў аўтобусах асноўных ліній.

Паводле мэра Вільні Валдаса Бенкунскаса, ён спадзяецца на тое, што калядны “пернікавы” аўтобус асабліва здзівіць маленькіх пасажыраў. Ён таксама запрасіў усе сем’і наведаць цэнтральную частку горада, вакзал і не спяшаючыся прайсціся па горадзе да галоўнай ёлкі.
І хоць у Вільні зараз хутчэй восеньскае, шэрае надвор’е, але менавіта такія мілыя, пяшчотныя, яскравыя і забаўныя моманты робяць шэрыя будні радаснымі і запамінальнымі.
















Беларускае Радыё Рацыя






