Від на жыхарства ў Грузіі маюць 3738 грамадзян Беларусі. Такую колькасць назваў падчас выступу ў парламенце краіны прэм’ер-міністр Іраклій Кабахідзэ, перадае выданне “Позірк”.

Беларусы займаюць шостае месца сярод грамадзян іншых краін, якія маюць ВНЖ у Грузіі. На першым месцы — Расея (32 129 чалавек, прычым большая частка іх — былыя грамадзяне Грузіі ці асобы з грузінскімі прозвішчамі). Другое месца займае Індыя (23 900, пераважна студэнты), на трэцяй пазіцыі размясціўся Азербайджан (каля 6700). Украіна займае чацвёртае месца (6290), а Арменія — пятае (каля 5000).
Грузія стала адной з асноўных краін, куды эмігравалі беларусы ад палітычных рэпрэсій пасля 2020 года.
Паводле звестак МУС Грузіі, па стане на 1 студзеня 2025 года ў краіне пражывала 12 808 імігрантаў з беларускім грамадзянствам. Беларусь уваходзіць у лік 96 краін, чые грамадзяне могуць бесперапынна знаходзіцца ў краіне на працягу года без ВНЖ.






