Хэлоўін — свята, якое мае карані ў традыцыях старажытных кельтаў, гісторыя якога пачалася на землях сучаснай Вялікабрытаніі і паўночнай Францыі. Адзначаюць яго 31 кастрычніка — напярэдадні дня ўсіх святых. Па-іншаму свята Хэлоўін называюць Самайн, які адзначаў канец лета і пачатак зімы. У гэтую ноч лічылася, што мяжа паміж светам жывых і мёртвых вытанчаецца, а духі продкаў могуць вярнуцца.

З канца ХХ стагоддзя мода на атрыбутыку Хэлоўіна з’явілася таксама ў большасці краін Захаду. Да гэтага свята ўпрыгожваюць крамы, кавярні, цырульні ды іншыя ўстановы ў розных гарадах Еўропы з адпаведнай тэматыкай. Вядома, што галоўнымі атрыбутамі з’яўляюцца гарбузы, знічы ды розныя іншыя рэчы, якія сімвалізуюць сабой смерць.
У сталіцы Літвы Вільні звычайна цудоўным чынам упрыгожаныя вуліцы і ўстановы да Калядаў і розных веснавых святаў, але некаторыя дэкаруюць свае ўстановы і да Хэлоўіна.

У той час, як адны людзі адзначаюць гэтае свята і лічаць яго вясёлай і бяскрыўднай забавай, веруючы людзі зазначаюць, што гэта аднаўленне язычніцкага свята, падчас якога праводзіліся магічныя рытуалы з ахвярапрынашэннямі. На іх думку, той, хто святкуе Хэлоўін, нават калі не мае намеру далучыцца да чараўніцтва, фактычна ўступае ў стасункі з цёмнай сілай. Святары ў гэтыя дні заклікаюць наведваць могілкі і маліцца за душы памерлых.
Але ў Еўропе, дзе пануюць дэмакратычныя прынцыпы, кожны чалавек мае права абіраць, якое свята яму адзначаць і чым займацца ў гэтыя дні.














Беларускае Радыё Рацыя






