Вуліца Ніжне-Пакроўская ў Полацку ёсць адной з найбольш старажытных і значных вуліц горада. Археалагічныя дадзеныя адносяць яе яшчэ да XI стагоддзя, але ўпершыню яна згадваецца ў дакументах у 1552 годзе пад назвай Вялікая. Пазней яна мяняла сваю назву і была Вялікая Маставая, уласна Ніжне-Пакроўская і Леніна. Здаўна тут канцэнтраваліся важныя гарадскія аб’екты, тут жа знаходзіліся шляхецкія сядзібы і менавіта тут узводзілі драўляны палац для прыезда расейскай імператрыцы Кацярыны ІІ. І сёння захаваная аўтэнтычная забудова надае гэтай вуліцы Полацка асаблівую адметнасць.
Корпус кляштара францысканцаў

Кляштар францысканцаў у Полацку, які таксама ўключаў Касцёл Святога Антонія Падуанскага, ёсць помнікам архітэктуры барока. Комплекс, хоць і змяніў сваё пачатковае прызначэнне, часткова захаваўся да нашых дзён. Кляштар быў заснаваны ў 1628 годзе дзякуючы Тэафілу і Хрысціне Храпавіцкім. Пачаткова пабудаваны з дрэва, ён пазней атрымаў мураваны касцёл. У 1778 годзе быў узведзены двухпавярховы жылы корпус, які шчыльна прылягаў да касцёла. У 1833 годзе кляштар быў скасаваны і перададзены праваслаўнаму ведамству. У канцы XIX стагоддзя на месцы зруйнаванага касцёла быў пабудаваны новы будынак з частковым выкарыстаннем яго сцен і сутарэнняў, паўтараючы некаторыя архітэктурныя элементы. У сярэдзіне XIX стагоддзя комплекс быў прыстасаваны пад адміністрацыйныя патрэбы, у 1917 годзе тут размяшчаўся Полацкі камітэт РСДРП, а ў 1990-я гады часткова служыў жылым памяшканнем.
Богаяўленскі манастыр

Богаяўленскі манастыр быў заснаваны ў 1582 годзе як частка праваслаўнага брацтва і спрыяў захаванню традыцый праваслаўя ў рэгіёне. Пачаткова будынкі манастыра былі драўлянымі, але шматлікія пажары прывялі да іх знішчэння. Найбольшы ўдар па комплексу зрабіў пажар у XVIII стагоддзі. Пасля гэтага пачалося будаўніцтва новай каменнай царквы, а комплекс пашырыўся дзякуючы праектам вядомага архітэктара Джакомо Кварэнгі. Да манастыра былі дададзены таксама жылыя корпусы, у тым ліку кельлі для манахаў і Ефрасіннеўская ды Кацярынінская цэрквы. У часы Расейскай імперыі комплекс трапіў пад юрысдыкцыю Сінода Маскоўскай праваслаўнай царквы (дагэтуль быў у юрысдыкцыі Кіеўскай мітраполіі і Канстантынопальскага патрыярхату). Сёння комплекс манастыра ўключае ў сябе не толькі царкву, але і Музей беларускага кнігадрукавання, а таксама бібліятэку імя Сімяона Полацкага, бо менавіта тут выкладаў знакаміты дзеяч.
Лютэранская кірха

Гэта мураваны храм у стылі неаготыкі, пабудаваны на месцы драўлянай кірхі ў пачатку XX стагоддзя. Першыя лютэранскія абшчыны ў горадзе з’явіліся яшчэ ў 1775 годзе, у той жа час была ўзведзена драўляная кірха. Аднак, з часам яна заняпала, і ў 1888 годзе было вырашана ўзвесці новы каменны храм, які атрымаў назву кірха Святой Марыі. Асвячэнне новай царквы прайшло з вялікай урачыстасцю, якую ўзначаліў віцебскі пастар. Богаслужэнні вяліся на нямецкай і лацінскай мовах, што адпавядала складу мясцовай лютэранскай грамады, якая ў асноўным складалася з этнічных немцаў і латышоў. Гэты храм ёсць адзіным прыкладам неаготыкі ў Полацку. Падчас Кастрычніцкай рэвалюцыі храм закрылі. У 1930-я гады ў будынку размясціўся краязнаўчы музей, які існуе тут і сёння. У гады Другой сусветнай вайны кірха зноў на кароткі час вярнулася да сваіх рэлігійных функцый, але пасля вайны яна стала месцам кінапаказаў.
Але акрамя вышэй згаданых будынкаў – хіба найбольш масштабных і значных, – на вуліцы Ніжне-Пакроўская захавалася і больш шырокая гістарычная забудова. Тут можна знайсці так званы Домік Пятра, дзе спыняўся Пётр І. Гэты дом, дарэчы, ёсць самай старой грамадзянскай пабудовай у Полацку. Тут жа, пад нумарамі 6, 9, 17, 20, 26, 30, 35 і 46, знаходзяцца будынкі, якія належылі знатным і ўплывовым гараджанам, ды якія гэтаксама маюць цікавую ды багатую гісторыю. А акрамя таго, на Ніжне-Пакроўскай захаваліся і прыклады старой драўлянай забудовы.
На сёння вуліца Ніжне-Пакроўская ёсць адным з тых выдатных прыкладаў, калі вуліца з савецкім найменнем – у гэтым выпадку “Леніна” – вярнула сабе гістарычную назву, няхай і не першасную. Падобнае рашэнне было прынятае ў 2008 годзе.
К.С., Беларускае Радыё Рацыя






