BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вуліца трох храмаў у Мсціслаўлі

Горад Мсціслаўль ёсць не дужа вялікім, а яго насельніцтва складае ўсяго каля дзесяці тысяч. Тым не менш, на вуліцах гэтага горада знойдзецца шмат цікавага. Адной з вуліц, якая вылучаецца канцэнтрацыяй аб’ектаў беларускай спадчыны, ёсць вуліца Леніна, на якой знаходзіцца ажно тры старажытныя храмы. Больш падрабязна пра цікавосткі і адметнасці кожнага з іх далей у матэрыяле.

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар кармелітаў (Леніна 10)

Гэты касцёл спалучае ў сабе рысы барока і ракако. Комплекс уключае ў сябе мураваны касцёл з дзвюхвежавым фасадам і кляштар, пабудаваны ў XVII стагоддзі. Першы драўляны храм быў заснаваны тут у 1614 годзе з прывілею караля Жыгімонта III Вазы. У 1637 годзе да яго далучылі кляштар кармелітаў. Ужо ў першай палове XVII стагоддзя, на месцы старога драўлянага касцёла, дзякуючы Каралю Якубу Мадалінскаму, быў узведзены новы мураваны храм. У 1746-1750 гадах касцёл быў перабудаваны знакамітым архітэктарам Янам Глаўбіцам. Захавалася каля дваццаці фрэскавых кампазіцый XVIII стагоддзя, дзе асаблівую цікавасць маюць партрэты фундатараў і гістарычныя сюжэты, напрыклад, “Узяцце Мсціслава маскалямі ў 1654 годзе”. У савецкі час касцёл быў зачынены і выкарыстоўваўся як склад, што прывяло да значнага разбурэння ўнутранага інтэр’ера. Толькі ў канцы XX стагоддзя святыня была вернута каталіцкай супольнасці, і з таго часу вядзецца яе рэстаўрацыя.

Свята-Аляксандра-Неўскі сабор (Леніна 30)

У 1870 годзе на месцы, дзе была найстарэйшая ў Мсціславе царква, пабудавалі царкву ў гонар Неўскага. У савецкі час царква была зачынена, яе будынак выкарыстоўваўся як прадуктовы склад. Падчас Другой сусветнай вайны на прылеглай тэрыторыі былі пахаваны нямецкія жаўнеры. У 1989 годзе храм вярнулі вернікам, і ён зноў стаў дзейным. У храме захоўваюцца дзве шанаваныя іконы: абраз Аляксандра Неўскага з часцінкай ягоных мошчаў і Іверская ікона Божай Маці, набытая ў Маскве ў 1895 годзе, якія прыцягваюць у горад шматлікіх турыстаў і вернікаў.

Царква ў гонар абраза Божай Маці “Тупічоўскі” (Леніна 56)

Гэты мураваны праваслаўны храм, вядомы таксама як былая Крыжаўзвіжанская царква, быў пабудаваны ў 1871 годзе на месцы драўлянай уніяцкай святыні. Паводле легендаў, галоўнай рэліквіяй храма ёсць спіс цудатворнага Тупічоўскага абраза Божай Маці. Паводле паданняў, абраз з’явіўся ў пачатку XVIII стагоддзя недалёка ад Мсціслава, ва ўрочышчы Тупічэўшчына. З самага пачатку ён лічыўся цудатворным і быў звязаны з мясцовым манастыром, дзе знаходзіўся ў храме Сышэсця Святога Духа. У 1805 годзе абраз быў перанесены ў Успенскі сабор, а пасля разбурэння манастыра ў XX стагоддзі — у Крыжаўзвіжанскую царкву. Сёння арыгінал абраза лічыцца згубленым, але захаваліся яго спісы, якія надалей прыцягваюць вернікаў.

Але акрамя гэтых трох храмаў аа вуліцы Леніна можна знайсці яшчэ адзін будынак з гісторыяй, а менавіта будынак былой земскай управы. Гэты гістарычны будынак па адрасе вуліца Леніна 28 быў узведзены ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя з цэглы ў стылі неакласіцызму.

Гэты дом выконваў функцыі адміністрацыйнага будынка, у прыватнасці раней тут размяшчалася земская управа, а цяпер навучальная ўстанова. Фасад будынка дэкараваны вытанчанымі архітэктурнымі элементамі, якія падкрэсліваюць яго гістарычны статус. Асаблівай адметнымі выглядаюць чыгунныя агароджы балконаў.

Калі ў вас будзе трошкі больш часу і атрымаецца пашпацыраваць таксама па іншых вуліцах горада, то выявіце, што архітэктурная спадчына Мсціслаўля досыць багатая. Гістарычная забудова Мсціслаўля, якая захавалася да нашых дзён, налічвае дзясяткі будынкаў, як адміністратыўных, жылых, так і рэлігійных.

К. С., Беларускае Радыё Рацыя