BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

З гэтай беларускай вёскі пачыналася гісторыя сучаснай мовы Ізраіля

Пэўна мала хто ведае пра такую беларускую вёску, як Лужкі. Але яе вуліцы не саступаюць многім вуліцам буйных гарадоў па гістарычных і архітэктурных цікавінках, якія тут можна знайсці.

Касцёл Святога Арханёла Міхала

Гэты помнік архітэктуры XVIII стагоддзя, які ўвасабляе традыцыі віленскага барока, знаходзіцца на вуліцы 17 верасня. Храм быў пабудаваны ў 1744—1756 гадах па ініцыятыве полацкага кашталяна Валерыяна Жабы, які валодаў Лужкамі. Менавіта ён перадаў айцам-піярам фальварак Віснік, пляц пад кляштар, калегіум, а таксама парк і школу.

На момант скасавання кляштара ў XIX стагоддзі піярам, а дакладней кляштару, належалі 13 вёсак і 330 сялян. Але гісторыя Лужкоў не абышлася без выпрабаванняў. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе мястэчка ўвайшло ў склад Расейскай імперыі. Нягледзячы на гэта, кляштар працягваў дзеіць, пакуль пасля падаўлення паўстання 1830—1831 гадоў расейскія ўлады ў 1843 годзе не перарабілі касцёл пад праваслаўную царкву, а сам кляштар быў зруйнаваны. Пасля Першай сусветнай вайны будынак вярнулі каталікам, аднак у савецкія часы касцёл быў зачынены. Яго выкарыстоўвалі для захоўвання угнаенняў. Новая старонка гісторыі касцёла пачалася ў 1988 годзе, калі храм зноў адкрылі для вернікаў.

Вадзяны млын

Непадалёк – на вуліцы Млынная – таксама захаваўся вадзяны млын. Ён быў пабудаваны ў XIX стагоддзі, а ў 1912 годзе да яго былі надбудаваныя два дадатковыя паверхі. Будынак увасабляе тэхналагічныя дасягненні таго перыяду, а яго ўнутраная структура вылучаецца прадуманай функцыянальнасцю. Млын выконваў не толькі ролю мукамольнага прадпрыемства. У ягоных сценах выраблялася мука розных гатункаў, манка, а таксама тут часалі сукно, якое выкарыстоўвалася для пашыву вопраткі. Унікальнай асаблівасцю млына была гідраэлектрастанцыя, размешчаная на ніжнім паверсе. Дзякуючы ёй Лужкі атрымалі электраэнергію, што было рэдкасцю для вясковых мястэчкаў таго часу. Адметна, што млын выкарыстоўваўся ажно да 2000-х гадоў. Цікава таксама, на гэтай жа вуліцы некаторы час жыў вайсковы і палітычны дзеяч Станіслаў Булак-Балаховіч. На пачатку XX стагоддзя ён працаваў аграномам у маёнтку Віктара Плятэра ў суседнім Гарадцы.

Свята-Раства-Багародзіцкая царква

Гэты храм на вуліцы Дзісенская быў пабудаваны ў 1794 годзе гэтаксама на сродкі Валерыяна Жабы. Пачаткова царква была грэцка-каталіцкай і ўваходзіла ў юрысдыкцыю Святога Пасаду. Пасля скасавання уніі ў 1839 годзе будынак быў перададзены праваслаўным вернікам, што адбілася на яго архітэктурным абліччы. Пасля моцных пажараў у 1831 і 1885 гадах храм значна перабудоўваўся. У 1934 годзе да будынка прыбудавалі прытвор з двух’яруснай званіцай. Важным элементам унутранага ўбрання царквы ёсць іканастас. Тут захаваліся каштоўныя абразы XVII—XVIII стагоддзяў, сярод якіх “Раство Хрыстова”, “Маці Божая Адзігітрыя”, “Ісус Хрыстос, які благаслаўляе дзяцей”. Асабліва цікавы абраз “Святы Мікалай” у пасрэбранай рызе, якую выканаў мясцовы майстар Ян Жыгель у 1794 годзе. Яшчэ адной адметнасццю ёсць крыпта, якая знаходзіцца пад храмам.

Сінагога

Гэты будынак на вуліцы Млынная быў пабудаваны ў сярэдзіне XIX стагоддзя і дзеіў да 1941 года. Пры сінагозе існавала пачатковая рэлігійная школа. Менавіта тут пачынаў сваё навучанне славуты Эліэзер Бэн-Егуда, якога лічаць бацькам сучаснага іўрыта. Ён здолеў зрабіць іўрыт не толькі мовай малітвы, але і штодзённым сродкам зносін, што было афіцыйна прызнана ў 1922 годзе, калі мова атрымала статус адной з дзяржаўных у Палесціне. За савецкім часам будынак сінагогі ператварыўся ў газавую (керасінавую) краму, якая дзеіла да 1970-х гадоў. Пасля гэтага будынак стаў бесгаспадарчым, і яго матэрыялы пачалі выкарыстоўваць мясцовыя жыхары для ўласных патрэб. Такім чынам, да канца ХХ стагоддзя сінагога амаль цалкам страціла свой першапачатковы выгляд.

Вёска Лужкі ёсць добрым прыкладам таго, што нават маленькія гарады, мястэчкі, вёскі, пра якія мы ніколі ў жыцці не чулі, насамрэч могуць захоўваць шмат адметнага і цікавага. Падобныя вёскі-жамчужыны здольныя распальваць прагу да пошукаў і новых адкрыццяў у сваім веданні Беларусі.

К. С, Беларускае Радыё Рацыя