BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

З новага года па-новаму будуць пускаць у Тайланд

З 1 студзеня 2025 года ў пасольствах і генеральных консульствах Тайланда ва ўсім свеце запрацуе сістэма электронных візаў. Гэтыя змены закрануць і беларусаў.

Фота: cars4travel.com

«Пасольства Каралеўства Тайланд ў Маскве аб’яўляе пра завяршэнне практыкі падачы дакументаў на візу па дзейнай сістэме і запуску сістэмы электроннай візы ў Тайланд (e-visa) з афлайн-метадам аплаты», — паведамілі ў пасольстве Тайланда ў Маскве, якое абслугоўвае і грамадзян Беларусі.

Пасольства будзе прымаць заявы на атрыманне візы любога тыпу да 24 снежня 2024 года. Афармленне ж электронных віз запусцяць з 7:00 (па менскім часе) 1 студзеня 2025 года.

Падаць заяву на атрыманне электронных віз могуць грамадзяне, якія пражываюць у Беларусі, Расеі, Узбекістане, Арменіі, Малдове. Гэта можна будзе зрабіць праз партал thaievisa.go.th, тэрмін разгляду заявы — 14 працоўных дзён.

Магчымасць атрымаць візу па прылёце ў Тайланд таксама захаваецца, але толькі для тых, хто плануе знаходжанне не больш за 15 дзён.