BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

З-за мяцеліцы аэрапорт Амстэрдама адмяніў і затрымаў каля тысячы рэйсаў

Моцная мяцеліца, снег, мароз і парывісты вецер прывялі да сур’ёзных збояў у працы амстэрдамскага аэрапорта Схіпхол. За апошнія два дні авіякампаніі адмянілі сотні рэйсаў, яшчэ больш за 600 былі затрыманыя. Ад наступстваў непагоды пацярпелі дзясяткі тысяч пасажыраў у Еўропе і за яе межамі.

 Калаж УНІАН, фота скрыншот.

Найбуйнейшыя перавозчыкі, у тым ліку KLM, British Airways і easyJet, адмянілі больш за 300 рэйсаў. Частку далёкамагістральных рэйсаў накіравалі ў Брусель. Затрымкі пагражаюць далейшым збоем у сусветных авіязносінах.

Авіякампаніі ўжо прэвентыўна адмянілі больш за 100 рэйсаў на суботу, і чакаюцца новыя адмены. Аэрапорт Схіпхол папярэдзіў пасажыраў пра магчымыя затрымкі і ў выхадныя. Па ўсёй тэрыторыі Нідэрландаў дзейнічае жоўтае папярэджанне з-за галалёду.

Складаная сітуацыя назіраецца і ў іншых краінах Еўропы. З-за снегападу 2 студзеня былі затрыманыя рэйсы ў аэрапорце Вільні. Пра магчымыя збоі папярэджваюць таксама ў Вялікабрытаніі і Шатландыі.

Раней моцныя снегапады выклікалі значныя затрымкі і адмены цягнікоў у Польшчы, дзе сітуацыю ўскладніла аварыя на чыгунцы ў Прушкове.