У замкавым комплексе “Мір” у 2024 годзе пабывала рэкордная колькасць турыстаў, паведаміла БЕЛТА намесніца дырэктара па навуковай і асветніцкай рабоце музея Вольга Навіцкая.

“Наш музей – адзін з найбольш наведвальных у краіне. Сёлета, па стане на 1 снежня, нас наведалі практычна 400 тыс. чалавек – найбольшая колькасць. Гэта рэкорд па асобна ўзятым годзе. Раней максімальна ў нас бывала крыху больш за 340 тыс. турыстаў “, – распавяла Навіцкая.
Дарэчы, Музей “Замкавы комплекс “Мір” стаў уладальнікам дыплома XXII Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу “Пазнай Беларусь” у намінацыі “Музей года” сярод рэспубліканскіх і абласных (у тым ліку менскіх гарадскіх) музеяў.
Каб здзіўляць наведвальнікаў, тут падрыхтаваныя не толькі аглядныя экскурсіі, але і тэматычныя па розных маршрутах. Напрыклад, праводзяцца экскурсіі для школьнікаў малодшага ўзросту “Падарожжа ў часе”, а таксама экскурсіі для сем’яў з маленькімі дзецьмі.
Акрамя таго, у музеі можна заказаць экскурсіі з элементамі тэатралізацыі, анімацыі, дэгустацыі. Сталі праводзіцца лекцыі-візуалізацыі па гісторыі шпалернага мастацтва.






