У ноч з суботы на нядзелю, з 29 на 30 сакавіка, у Польшчы ды іншых краінах Еўразвязу адбудзецца пераход на летні час. Стрэлкі гадзіннікаў будуць пераведзеныя на гадзіну наперад.

Яшчэ ў 2018 годзе Еўрапейская камісія прадставіла праект дырэктывы аб адмене сезоннай змены часу. Пра гэта нават гаварыў Еўрапарламент, які ў 2019 годзе ўнёс шэраг паправак у адпаведныя дакументы. Аднак працэс спыніўся на ўзроўні Рады Еўрапейскага звязу. Краіны супольнасці не могуць дамовіцца пра тое, ці жадаюць яны адмовіцца ад пераводу гадзіннікаў, ці Еўропа павінна прытрымлівацца летняга або зімовага часу.
Напярэдадні прэс-сакратар Еўракамісіі Анна-Кайса Ітконен паведаміла, што прынята рашэнне пакінуць гэтае пытанне на вырашэнне краін чальцоў Еўразвязу. «Мы вырашылі, што будзе лепш, калі краіны вырашаць паміж сабой», — сказала Ітконен.






