Пабачыла свет кніга Віктара Сазонава „Генетычны алфавіт”
Пад рэдакцыяй праграмнай рады тыднёвіка „Ніва” выйшла чаканая кніга гарадзенскага пісьменніка і сталага аўтара „Нівы” Віктара Сазонава „Генетычны алфавіт”. У прадмове да твора, якая змешчана ў чарговым нумары „Нівы” (42 ад 17 кастрычніка 2021 г.) галоўны рэдактар Яўген Вапа піша наступнае:
А і Я. Мая сям’я.
Мой радавод. То наш народ.
Генетычны алфавіт
Чалавек, прырода, свабода. Для беларускай пісьменнасці такі трохкутнік стаў адным з важнейшых, мэтанакіраваных напрамкаў літаратурнага працэсу — у такой самой ступені як для паэтычнага, так і празатарскага ўяўлення. Але без перажытага ў сабе адчування тых працэсаў не народзіцца і першая, самабытная, духоўная творчасць. На такім узаемапраніканні выбудоўваўся і свет першабытнай народнай міфалогіі, абраднасці, фальклорнай спадчыны, свет поўны змагання дабра са злом, гераічных змагароў, што выступаюць супраць зямным уладарам. Свет казак, у якім на роўных правах існуюць, размаўляюць, сябруюць і ваююць звяры і людзі. Хатняя і прыродная стыхійнасць разам, або супраць сябе. А ўсё ў свеце падлітым касмічным гукам замоваў, спеваў, танцаў, пераўтварэннем бачанага ў нябачнае. І наадварот, дзе без магічнага і містычнага не можа ісці жыццё сваім зямным ходам. Адвечна счэпленае з сабою без разрыву каханне і нянавісць, дабро і зло, сумнае і вясёлае. Кругагляд жыцця і смерці. Свет, які стагоддзямі ў натуральнай стыхійнасці з пакалення ў пакаленне перадаваўся ў сялянскую спадчыну, якая чалавечаму роду даставіла столькі кашмарных, зямных выпрабаванняў. Падданства, паншчына, калгасная сістэма, голад, заразы, знішчальныя войны і ўсё найгоршае, што нават от так сабе не прыдумаеш, змушаны былі перажыць нашы продкі, перанесці эканамічны, сацыяльны, грамадскі, нацыянальны прыгнёт. Менавіта тая частка мінуўшчыны, была прааналізавана і апісана ўжо гісторыкамі, сацыёлагамі, эканамістамі на аснове дакументаў, геапалітычных канфліктаў, мемуарных запісаў, вусных успамінаў. Ад такога багажу дасведчанасці проста траўмаванасць чалавека як адзінкі і як часткі грамадскай супольнасці гарантавана, так як закон і запавет для бяздзейнасці і зняверлівасці ў асабістую і нацыянальную перамогу. Але на шчасце ў чалавечым і грамадскім жыцці не ўсё да канца ёсць прысуджанае на канчатковае знішчэнне. Назапашаная тысячагоддзямі чалавечая і прыродная прага да асабістага шчасця і свабоды кладзецца назаўсёды ўжо не толькі ў прызабыты фальклорны пераказ, але на векі вечныя пакладзена ў яго генетычны код — універсальны імунітэт не толькі біялагічны нашага роду, але і нацыянальны любога народа, праяўлены ў неспадзяваны час кожнаму з нас, каталізатарам успышкі якога можа стаць нават адно не забытае ці згаданае слова на роднай мове.

Такія вось думкі кладуцца мне на паперу ад прапанаванага Шаноўным Чытачам рамана Віктара Сазонава «Генетычны алфавіт». Мой жыццёвы і рэдакцыйны сябра проста ўразіў мне маштабам і якасцю сваёй аповесці. Кожны чытач, які цікавіцца творчасцю гэтага аўтара, ужо ведае, што як мала хто ўмее ён апісаць беларускую ментальнасць з яе пераменамі ў вясковай і гарадской прасторы. Друкаваны на старонках «Нівы» і яе кніжных выданнях аўтар набыў не толькі агульнабеларускую зацікаўленасць, але і перакладаўся на польскую, венгерскую і ўкраінскую мовы. Думаю, што праз нейкі час ягоная творчасць будзе адкрытая і для тэатральных пастановак у самой Беларусі і па-за яе межамі. А мастацкае кіно на аснове прозы Віктара Сазонава прыцягне да экранаў і ўзрушыць кожнага гледача ў любой краіне. У Віктара проста неверагодная, сітуацыйная вобразнасць, якая ўмомант трансфармуецца перад вачыма ў другія мастацкія жанры. Універсалізм чалавечай сціпласці і хітрасці, годнасці і камізму спалучае людзей у зразумелай ім штодзённасці. Для знаёмых аўтара не ёсць вялікай таямніцай факт, што аўтар яшчэ нядаўна ў вольных хвілінах любіў час ад часу класці і… фарбы на палатно. Мастацкасць і вобразнасць празатарскага і паэтычнага слова пісьменніка вызначаюць яго літаратурную адметнасць на фоне прыгожага, беларускага слова.
Мастацкасць аўтара не вырасла на пустым месцы. Віктар Сазонаў нарадзіўся ў старажытных Гальшанах. Горад і Гальшанскі замак, нягледзячы на сённяшні памер соннай маламестачковасці, на векі вечныя ўвайшоў у беларускую літаратуру і еўрапейскую гісторыю. Тут у1890 годзе нарадзіўся Вінцук Адважны (сапраўднае прозвішча Язэп Станіслававіч Германовіч), беларускі пісьменнік, каталіцкі святар усходняга абраду, які памёр у 1978 годзе ў Лондане. Закончыўшы Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю ў 1913 годзе, сваю душпастырскую працу распачаў вікарыем у нас, на Беласточчыне — у Далістове, Беластоку, Крынках. За сваю беларускую дзейнасць пераследаваўся польскімі духоўнымі і адміністрацыйнымі ўладамі. Па волі лёсу і гісторыі два разы апынуўся ў Харбіне, адкуль у 1948 годзе перададзены быў кітайскай паліцыяй саветам, якія прыгаварылі яго да 25 гадоў сібірскіх лагераў. Сваё сямігадовае зняволенне апісаў у знакамітай кніжцы ўспамінаў «Масква — Сібір — Кітай», якія публікаваліся на беларускай, італьянскай, польскай і літоўскай мовах. Ягоная кніжка, прачытаная мною ў студэнцкія гады, побач з творамі Салжаніцына, стала адной з адкрытых мною праўд пра антычалавечнасць і злачыннасць камуністычнай сістэмы.
Але вяртаемся зараз сюды і цяпер. «Дзе Рым, а дзе Крым» — хочацца паўтарыць за класікам. Вось гальшанцы — пісьменнік і ўніяцкі манах Язэп Германовіч сустракаецца з пісьменнікам Віктарам Сазонавым тут у нас… у Беластоку. А ўсё дзякуючы Беларускаму радыё «Рацыя», у эфіры якога векапомныя ўспаміны грэка-каталіцкага айца Германовіча фенаменальна начытвае праваслаўны айцец Кастусь Бандарук. А Віктар Сазонаў сваім голасам радуе слухачоў начыткамі «Запісак кантрабандыста» і «Суседскіх быляў». І як тут не гаварыць пра магічнасць такога супадзення. Дзякуючы інтэрнэту, зараз цікаўныя жыхары саміх Гальшанаў змогуць слухаць творчасць сваіх землякоў. І хачу здрадзіць яшчэ адну тайну: Віктар Сазонаў начытаў ужо «Генетычны алфавіт» на патрэбы радыё «Рацыя». Вось калі хто не зможа набыць кніжку, будзе мець магчымасць слухаць яе праз сайт racyja.com з любой кропкі свету.

Яшчэ некалькі слоў пра славутасці Гальшанаў. Дзякуючы Уладзіміру Караткевічу і яго крымінальна-сенсацыыйнай аповесці «Чорны замак Aльшанскі» беларускае мінулае трапіла пад стрэхі ва ўсёй Беларусі і да яе чарговых пакаленняў. Зараз замак адбудоўваецца і прыцягальнасць гальшанскіх легенд яшчэ мацней захоўваецца.
Не было б той легендарнай даўніны сівых вякоў і сілы Вялікага Княства Літоўскага, калі б не нарадзілася там Сафія Гальшанская, якая ў сямнаццаць гадоў стала чацвёртай і апошняй жонкай пастарэлага караля Польшчы Уладзіслава Ягайлы і нарадзіла яму патомкаў мужчынскага полу, даючы геапалітычнае ўладаранне гэтаму роду ў тадышняй Еўропе на цэлае стагоддзе. А Гальшаны памятаюць пра сваю каралеву, узводзячы ёй помнік у цэнтры мястэчка. Калі да легенд і генію месца дапішам студзеньскіх паўстанцаў і гару, на якой іх вешалі, то такое мінулае не пакідае чалавека абыякавым. А перад вачыма стаяць ва ўяўленні жыхары гэтага мястэчка ў мінулым і зараз. Яны разам з храмамі — цэрквамі, касцёламі, сінагогамі, мячэцямі — спадчына Віленскага краю, з гісторыяй якога непарыўна і па сённяшні дзень звязаны Гальшаны Віктара Сазонава. А разам з тым Ашмяны, Баруны, Крэва, Вільня.
На Гальшанскай зямлі прыйшлося мне бываць не адзін і не два разы. Для мяне, чалавека лесу, камяністыя ўзгоркі і ўзвышша нагадваюць адвечную вандроўку Сізіфа з яго спробай пераадолець сваё наканаванне. Колькі тутэйшых людзей на працягу вякоў зведалі такое выпрабаванне. Камень і крыж — міфалагічны і хрысціянскі выклік чалавечаму роду. Камень і крыж — натуральная, неад’емная частка эстэтычнага і духоўнага краявіду гэтых месцаў. Тут яны знайшлі сябе ў гарманічнай еднасці, суцяшаюць і супакойваюць чалавечыя болі і норавы. Але ці ж выстаяць перад чарговымі хвалямі знявагі і інтрыг супраць чалавечай свабоды? Можна камяні разбіць у пыл, а крыжы зрэзаць. Гэта ўжо бывала пры камунізме. Але тут камяні надалей выходзяць на зямлю, нараджаюцца з яе нетраў. І яны нават гадамі былі менавіта тым крыжам-праклёнам, які пакаленнямі выбіралі ў адчаі людзі, што хацелі араць і сеяць. А тады без камянёў пачалі дзьмуць яшчэ большыя пясчаныя вятры. Тады людзі адбудавалі ссечаныя крыжы, каб маліцца пад імі за супакой чалавечай душы і сваёй зямлі.
На зямлі вялікай гісторыі, непадпарадкаванай прыроды нараджаўся і літаратурны талент свабодалюбівага Віктара Сазонава. Ягоны раман «Генетычны алфавіт» гэта ахвяраванне ўсім беларусам, у якіх не пагасла мара аб свабодзе — той асабістай, але і нацыянальна-дзяржаўнай. Калі аўтар сакрэтна піша, што падзеі ягонай інтрыгі адбываюцца ў радыусе ста кіламетраў ад Мінска, то мне апісаныя месцы, гісторыі і людзі нагадваюць свет ягонай Бацькаўшчыны. Але менавіта з нашых, такіх малых астраўкоў ствараецца і склейваецца нацыянальная духоўнасць, беларуская еднасць і самаабаронная годнасць. А вакол нас шалеюць палітычныя вятры і такія ж буры, якія хочуць нас зламаць, перамалоць і расцярушыць па ўсім свеце. На такія выпрабаванні выстаўлены героі новай кніжкі аўтара.
«Генетычны алфавіт» гэта незвычайныя лёсы звычайных беларусаў, якіх гісторыя распачынаецца на фоне халоднай вайны паміж Савецкім Саюзам і Злучанымі Штатамі Амерыкі. Звычайная беларуская вёска, якая дваццаць пяць гадоў ад вайны памаленьку зажывае раны і дазваляе людзям цешыцца мірным жыццём і ейнымі правамі, хаця пад камунізмам, але ўжо без штодзённага голаду. І з дзецьмі, для якіх шчасце бачыць толькі ў горадзе. Тут аднак выпадкова прыйдзецца патрапіць у эпіцэнтр палітычных інтрыг і змагання амерыканскай і савецкай разведак. Закладзеная інтрыга, якая здзяйсняецца на працягу дваццаці пяці гадоў, у поўнай красе паказвае беларускі менталітэт з яго традыцыяй, страхамі, легендамі і надзеямі. З аднаго боку вясковая, патрыярхальная грамадскасць, з другога — мяшчанска-савецкая, уклінаваныя паміж сабою на фоне тадышніх палітычна-мілітарных выклікаў гэтага свету. Тут як праз лінзу можам адсачыць сутыкненне звычайнага беларуса з гісторыяй, гаспадарчымі і культурна-грамадскімі працэсамі, які ў сутыкненні з імі патрапіць мець свой уласны погляд на свет і перанесці катаклізмы, якія дадзена было яму адчуць на ўласнай скуры. Вобразы часта набіраюць любімы аўтарам гратэскны і трагікамічны характар. Створаны аўтарам свет літаратурных уяўленняў і персанажаў дае яму права звацца адным з большых майстроў празаічнага запісу. Такога не было яшчэ ў беларускай літаратуры. Трэба толькі спадзявацца, што праз нейкі час будзем чытаць і радавацца далейшымі падзеямі ў чарговай частцы рамана.
Выданне кніжкі таксама мае сваю інтрыгу. Яе фрагменты друкаваліся ў «Ніве». Кніжка была гатовая да друку ў пачатку 2018 года. Аднак з-за нястачы фінансавых сродкаў тры гады набіралася моцы, каб урэшце парадаваць чытача. У міжчасе адбыліся падзеі, якія ўскалыхнулі беларускі народ і вывелі яго на вуліцы гарадоў, мястэчак, вёсак. Многія ў Беларусі і свеце ламаюць галовы, што такое здарылася з народам, які паказаў сваю мужнасць, чалавечнасць, нацыянальную адказнасць. І таму, відаць, воляй Божай выхад кніжкі маецца ў верасні 2021 года, каб адказаць на такія і падобныя пытанні.
«Генетычны алфавіт» Віктара Сазонава — проста ўніверсальная літаратура з нябеснай паліцы пра народ, з якога аўтар выйшаў і якому ахвяраваўся жыць усім сабою.
Кніга, якая мае амаль 750 старонак, аздоблена мастацкімі фотаздымкамі Паўла Грэся. Бліжэйшым часам на нашым сайце чытайце гутарку з Віктарам Сазонавым. Слухачоў Беларускага Радыё Рацыя таксама чакае прыемны сюрпрыз – неўзабаве старонкі рамана будуць гучаць штодзень у нашым эфіры ў выкананні аўтара.
Беларускае Радыё Рацыя
