BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Андрэй Янушкевіч: Выдаём універсальную і перакладную літаратуру

Усяго адзін дзень праіснавала ў 2022 годзе ў Менску кнігарня «Кнігаўка», якую заснаваў выдавец Андрэй Янушкевіч. Ён быў арыштаваны разам з закрыццём кнігарні і тры разы запар асуджаны на суткі. Пасля адбыцця на Акрэсціна 28 сутак выехаў у Польшчу, дзе пачаў аднаўляць свой выдавецкі бізнес. Сярод іншага заснаваў у Варшаве кнігарню «Кнігаўка». З Госцем Рацыі Андрэем Янушкевічам пра яго выдавецкія справы ў Польшчы паразмаўляў Алесь Аркуш.

РР: Колькі вы маеце выдавецтваў? Ведаю, „Кнігаўка“, „Янушкевіч“, можа што яшчэ ёсць?

— У мяне выдавецтва адно. Некалькі выдавецкіх гандлёвых марак. Выдаём кнігі пад маркай „Янушкевіч“, то такая старая традыцыйная марка. І прасоўваем новую марку „Кнігаўку“. Зразумела, на кнігах стаяць два розныя лагатыпы, фактычна гэта два выдавецкія лейблы.

РР: Вы ўжо свой бізнес разгортваеце ў Польшчы больш за год? Ці можна падвесці нейкія вынікі, як гэты працэс ідзе?

— Напэўна вось гэта і будзе галоўным вынікам, што працэс ідзе, не спыняецца, сэнс у гэтым ёсць. У прынцыпе, у Беларусі ўсё выглядала, што трэба было пастаянна рухацца наперад, бо любое больш-менш працяглае спыненне дзейнасці адразу біла па тваіх рэсурсах, магчымасцях працы і ўвогуле існавання. Тое ж самае і тут, то бок, мы яшчэ не зрабілі такі вялікі задзел, каб проста адпачываць на лаўрах. З’яўляюцца нейкія выклікі, праблемы — мы на іх адказваем. Цяпер мы рызыкнулі адкрыць стацыянарную кнігарню. Гэта новыя выдаткі, але і таксама новы плён: больш людзей нас пазнае. Вельмі радуе, што нават проста выпадковыя людзі з вуліцы, пабачыўшы нашыя аформленыя вітрыны, цікавяцца, заходзяць і купляюць. Яны не думалі пра беларускія кнігі, а тут такое амаль у цэнтры Варшавы. Над гэтым трэба думаць, трэба працаваць. Для нас гэта новая справа, бо ведаеце, у Менску ў нас кнігарня працавала толькі адзін дзень, мы не набраліся досведу. Вось зараз наганяем. Ёсць магчымасці для росту, для працаў. Хацелася б, каб усё было жвавей, але ўсё залежыць ад рэсурсаў. Было б больш рэсурсаў, было б больш новых кніг. Мне здаецца, сёння гэта самае важнае.

РР: Раней у выдавецтва „Янушкевіч“ была такая спецыялізацыя, што выдавецтва выдавала розныя міжнародныя бестселеры, і вы працавалі плённа з перакладчыкамі. Наколькі сёння гэты працэс працягваецца, ці можа перакладчыкі ў гэтай складанай сітуацыі разбегліся і зараз не так плённа працуюць?

— Мы працягваем гэтую лінію, выдаём універсальную літаратуру, у тым ліку і шмат перакладной літаратуры. Я не дзялю літаратуру на айчынную, замежную. Сёння свет так сканцэнтраваны, тая ж выдавецкая справа так выглядае, што ў нашым выпадку любая кніга па-беларуску становіцца беларускай. І чытачу беларускаму даць добрую кнігу. І калі гэта свежы сусветны бестселер, значыцца, ты ў трэндзе, адказваеш на тыя выклікі, якія табе дае актуальная сітуацыя. Хочацца развівацца як нармальная выдавецкая структура, нічым не горшая за польскае выдавецтва, нямецкае, літоўскае. Каб у нас функцыянаваў поўнавартасны рынак. Гэта нашая мэта, і мы як можам робім свой унёсак у гэтую справу.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле